Экс-кіраўніка Інгушэціі прызначылі намеснікам міністра абароны Расеі


Былы кіраўнік Інгушэціі Юнус-Бек Еўкураў прызначаны намеснікам міністра абароны Расеі. Адпаведны ўказ 8 ліпеня падпісаў Уладзімір Пуцін.

Еўкураву таксама прысвоена званне генерал-лейтэнанта. Міністрам абароны Расеі зʼяўляецца Сяргей Шойгу.

Нагадаем, Юнус-Бек Еўкураў у эфіры Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Інгушэціі 24 чэрвеня папрасіў прэзідэнта Расеі аб сваёй датэрміновай адстаўцы з пасады кіраўніка рэспублікі. «Я не сляпы, улада не зацямніла мне вочы. Давайце набяромся мужнасці сказаць, што ўсе мы – улада, якую я прадстаўляю, грамадскія, рэлігійныя арганізацыі – адказныя за тое, што сёння мы разʼяднаныя. Кожны з нас стаіць перад выбарам – асабістыя інтарэсы або інтарэсы Рэспублікі. І кожны, я падкрэсліваю, кожны паступае ў адпаведнасці са сваім выхаваннем, сваймі ідэаламі», – падкрэсліў тады Еўкураў. Пуцін адстаўку прыняў.

Канец 2018-га – пачатак 2019 года быў адзначаны ростам незадаволенасці жыхароў Інгушэціі палітыкай Еўкурава. Прычына – падпісанае ім пагадненне аб мяжы з Чачэніяй, па якім суседняя рэспубліка атрымала дадатковыя тэрыторыі. Змена межаў справакавала масавыя пратэсты. Новую хвалю пратэстаў сёлета вясной выклікала рашэнне ўладаў унесці змены ў закон аб рэферэндумах, прыбраўшы з яго пытанне аб змяненні межаў рэспублікі. Адбыліся сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцэйскімі.

Еўкураў узначальваў Інгушэцію з 2008 года. У 2009 годзе палітык атрымаў цяжкае раненне ў выніку замаху тэрарыстаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў