Экс-кіраўнік Літвы: Астравецкая бомба – свінства з боку Беларусі

ВІДЭА

БелАЭС перагароджвае шлях Беларусі ў Еўропу і спрыяе варожасці ў дачыненнях з самым блізкім гістарычным і этнічным суседам. Масква загадала збудаваць БелАЭС на галаве ў Літвы, над Вільняй. Гэта помста за незалежнасць. Так лічыць першы, пасля падзення Савецкага Саюзу, кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс. Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з экс-старшынём літоўскага парламенту.

Як вы думаеце, тое, што Лукашэнка не прыехаў у Літву на перапахаванне Каліноўскага, гэта добра ці дрэнна? Тым не менш Беларусь даволі высока была рэпрэзентаваная асобаю віцэ-прэм’ера.

Рэч не толькі ў гэтай падзеі, якая, вядома, вельмі значная для абодвух народаў. Хто прыехаў, а хто не прыехаў – гэта ягоная справа. Агулам гэта справа Літвы і Беларусі, адносіны якіх сёння парадаксальна складаныя. Гістарычна – агульны лёс, агульная барацьба двух народаў за вашу і нашу свабоду, за «Мужыцкую праўду» супраць маскоўскага стогадовага закабалення. І пад канец – такое небывалае свінства ў дачыненні Літвы, як астравецкая бомба… Чым Літва гэта заслужыла? Незразумела. Тым больш з боку сястры Беларусі.

Нуль кілават у Літву. Усё, каб БелАЭС не пачала працаваць

А гэтая «астравецкая бомба», як вы яе назвалі Ці ёсць нейкае выйсце з сітуацыі, акрамя як не запускаць, не ўключаць або пасля ўключэння закрыць АЭС?

Справа не ў Літве. Беларусь падвергнутая тэрмаядравай агрэсіі супраць Еўрапейскага Звязу, ненавіснага для Крамля. Яны выкарыстоўваюць Беларусь як сваю прыладу, як сваю паслухмяную руку. Літва – першая на гэтым шляху, але Літва – гэта і ЕЗ. Гэта правакацыя і агрэсія не толькі супраць Літвы. Гэта лёс і Беларусі.

Якое становішча цяпер беларускага народу, калі ён наагул нешта вырашае? Напэўна, нічога не вырашае. Можна сказаць, што народ нават не ў адказе.

Страляюць каля беларускай мяжы – шыбы бразджаць

Тым не менш, начальнік у Менску дзейнічае ад імя беларусаў, беручы на сябе адказнасць пустымі словамі «я абяцаю, нічога не здарыцца», калі мы бачым, што халтура «Росатома» шмат дзе абарочваецца катастрофаю. Быў загад з Масквы будаваць на галаве ў Літвы, над Вільняй.

Па-мойму, гэта помста за незалежнасць, за адыход ад савецкага закабалення. Іх матывы не настолькі важныя, як сам факт [будаўніцтва АЭС], які перагароджвае шлях Беларусі ў Еўропу і настройвае на варожасць з найбольш блізкім гістарычным, геаграфічным і нават этнічным суседам. Ніякая іншая краіна, акрамя Савецкага Саюзу, якога больш няма, не зрабіла такой поскудзі, як сённяшняя Беларусь. На жаль, гэта робіцца ад яе імя. Хай яна гэта ўсведамляе.

У Вільню прыехалі сотні і нават тысячы беларусаў, якія не хочуць падпісвацца пад гэтым рашэннем аб будаўніцтве патэнцыйнай бомбы каля Вільні – гораду, які застаецца святым для гэтых людзей. Што з намі не так? Чаму мы так доўга не можам пазбавіцца ад таго, ад чаго пазбавіліся літоўцы, палякі ды іншыя суседзі?

Развітанне з паўстанцамі. Вялікі фотарэпартаж, шукайце сябе на здымках

Гэта пытанне да вас, беларусаў. Добра, калі гэтае ўсведамленне прыходзіць, няхай нават позна: беларусы – у адказе. Калі Беларусь не выступіла супраць раней, то хай выступіць сёння: мы супраць гэтай гільяціны. БелАЭС трэба было будаваць значна далей ад Вільні. І гэтак можна было зрабіць, але быў загад з Крамля. Яны ўмяшалі Беларусь у варожае да Літвы становішча. Хай беларусы ўсведамляюць гэта і выкажуцца.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 22.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

 

Глядзі таксама
Каментары