Былы пасол Украіны: У Беларусі распаўсюджваюць улёткі пра «спрадвечна расейскія землі»


Пра расейскія ўлёткі, рыторыку Лукашэнкі ды еўрапейскі характар беларусаў выказаўся амбасадар Украіны ў Беларусі ў 2010-2011 гадах Раман Бяссмертны.

Раман Бяссмертны ў інтэрвю Gordonua.com скаментаваў выказванні кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Пуцін не імкнуўся далучыць Беларусь да Расеі. Былы амбасадар адзначыў, што Лукашэнка заўсёды меў з Пуціным нацягнутыя адносіны. Кіраўнік Расеі не мог дараваць лідару Беларусі выпалаў у свой адрас.

«Лукашэнка гатовы на ўсё, каб нешта выпрасіць»

«Але пры гэтым трэба разумець ментальнасць самога Лукашэнкі. Я з ім не раз меў зносіны і магу сказаць, што ён гатовы пайсці на ўсё, каб выпрасіць для сябе ў Расеі чарговую прэферэнцыю. А прасіць ён проста вымушаны, таму што амаль уся беларуская эканоміка альбо наўпрост, альбо ўскосна належыць Пуціну ці яго набліжаным алігархам. Гэта і банк «Масква-Менск», Мазырскі, Наваполацкі НПЗ, «Белтрансгаз». Адзінае, што на сённяшні дзень застаецца ва ўласнасці дзяржавы, – гэта вытворца калійных угнаенняў »Беларуськалій«, на які прэтэндуюць расейцы і кітайцы», – адзначыў Бяссмертны.

Эканамічная сітуацыя пагаршаецца, і Аляксандр Лукашэнка разумее, што Расея ў наступным годзе падыме ў кантрактах кошты на газ, нафту. Таму ён і пасылае, умоўна кажучы, антырасейскія мэсіджы, якія дазволілі б яму пракласці масток для зносін з Захадам а міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей вядзе «падводную» дыпламатыю з заходнімі дзяржавамі, заўважыў былы пасол.

У Беларусі актывізаваліся расейскія нацыяналісты

Перамовы наконт міру на Данбасе Лукашэнка ўспрыняў як магчымасць пагаварыць з заходнімі лідарамі аб зняцці санкцый з сваёй краіны, лічыць Бяссмертны. Праз некаторы час ЗША знялі санкцыі з шэрагу фірмаў, якія належаць блізкаму да Лукашэнкі бізнес-асяродку, а ў рыторыцы кіраўніка Беларусі з’явіліся празаходнія ноткі.

«А з іншага боку, у Беларусі за апошнія 20 гадоў вельмі моцна актывізаваліся расейскія нацыяналісты і скінгэды. Напрыклад, цяпер у Гомельскай і Віцебскай вобласцях актыўна распаўсюджваюцца ўлёткі і газеты з матэрыяламі пра тое, што гэта «спрадвечна расейскія землі», якія ніколі не належалі Беларусі. Такія групы ўжо «працуюць» у самім Менску. Хто не верыць, можа проста зайсці ў беларускі сегмент «Фэйсбуку». Раней, у адрозненне ад украінскага, ён быў вельмі рафінаваны. А цяпер яго ўзмоцнена бамбяць расейскімі нацыяналістычнымі заклікамі. Аляксандр Лукашэнка адчуў, што запахла смажаным, і пачаў кідацца, робячы такія заявы, і ці ледзь не ўпершыню за апошнія 20 гадоў у сваіх публічных выступах загаварыў на беларускай мове», – падкрэсліў былы дыпламат.

«Заявы Лукашэнкі – перадусім тэатр»

На ягоную думку, заява Лукашэнкі, што Беларусь ніколі не стане часткай Расеі – гэта перадусім тэатр, а лідар Беларусі ў ім усяго толькі актор, які выразна выконвае ўказанні з Масквы. «Я нават больш скажу, што ўся ролю Менскіх сустрэч па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе і паводзіны там Лукашэнкі – гэта ўсяго толькі сцэнарны план Масквы. Яго сутнасць у тым, каб весці дыпламатычныя баі менавіта на гэтай пляцоўцы, уцягваючы туды Еўропу і Украіну, але адсякаючы ад перамоваў ЗША. І гэта зрабіла перамоўны працэс недзеяздольным літаральна ўжо на старце, бо гарантуе працяг канфлікту і адначасна абяляе вобраз Лукашэнкі ў вачах Захаду».

«Расейскія войскі могуць ўвайсці ў Беларусь»

Бяссмертны перасцерагае: калі сёлета Пуціну не ўдасца падарваць сітуацыю ў Латвіі, дзе таксама магчыма развіццё падзей паводле «данбаскага» сцэнару, то выключана, што ён можа ўвайсці ў Беларусь і заняць Віцебскую і Гомельскую вобласці.

Ужо цяпер у Беларусі знаходзяцца дзве расейскія радыёлакацыйныя базы і некалькі авіябазаў, на якіх размешчаны пяць эскадрылляў самалётаў, нагадаў былы пасол. У 2015 годзе Расея можа стварыць яшчэ адну расейскую вайсковую базу ў Беларусі.

«Беларусы – большыя еўрапейцы, чым украінцы»

Паводле Бяссмертнага, беларусы па сваёй ментальнасці большыя еўрапейцы, чым украінцы, толькі менш актыўныя ў грамадскім плане.

«Яны абсалютна законапаслухмяныя людзі, заўсёды гатовыя гуляць па правілах, вельмі хутка вучацца. Але галоўнае, што трэба разумець, што Беларусь цяпер знаходзіцца пад вельмі магутнай гуманітарнай экспансіяй Літвы. У шмат якіх кнігах там так і напісана, што беларус – гэта «аславянены» літовец, а старажытнарускія і літоўскія князі Уладзімір, Гедымін, Альгерд – усе запар беларусы. Гэта значыць, тэма беларускага нацыяналізму вельмі жывая, але яна носіць выключна цывілізаваны, еўрапейскі і не агрэсіўны характар. І гэта еўрапейскасць адчуваецца нават у побыце. У мяне там шмат сяброў і яны, напрыклад, дэманструюць стрыманасць у дачыненні да той жа тэмы »братэрства трох славянскіх народаў«. Маўляў, што вы нас прыплятаеце да «лапатнай Расеі» ці «карумпаванага Кіева»? Мы – Еўропа. І як толькі Лукашэнка сыдзе з арэны, Беларусь вельмі хутка стане еўрапейскай дзяржавай. Што ж тычыцца жадання беларусаў абараняцца, то гэта складанае пытанне. Бо еўрапейцы вельмі гультаяватыя ў дачыненні да барацьбы, вайны. У іх разуменні гэтым мусяць займацца войска, вайскоўцы, а не цывільныя людзі», – лічыць Бясссмертны.

МЯ, паводле gordonua.com

Стужка навінаў