Эколаг: Заява Мінэнерга пра 3 смерці на будаўніцтве АЭС – цынічная


Размова пра будаўніцтва АЭС у астраўцы з эколагам Таццянай Новікавай.

Намеснік міністра энергетыкі прызнаўся, што за час будаўніцтва Атамнай электрастанцыі ў Астраўцы адбылося 10 надзвычайных здарэнняў. Загінула 3 чалавекі, давялося накіраваць на замену корпус самога рэактара. Да таго ж не сціхаюць спрэчкі наконт самога будаўніцтва АЭС. Наша суразмоўца – эколаг Таццяна Новікава.

«Белсат»: Таццяна, вы як эксперт ведаеце якія наступствы на навакольнае асяроддзе нясе будаўніцтва АЭС. Дастаткова ўзгадаць, што вы былі ў складзе ўрадавай камісіі, якая прыняла рашэнне прыпыніць на 10 гадоў распрацоўкі ў галіне атамнай энергетыкі ў Беларусі. Тым ня менш будаўніцтва ідзе поўнай хадой і суправаджаецца яно скандаламі. І справа нават не ў корпусе рэактара, які зваліўся на зямлю, а ў самім месцы, дзе вядзецца будаўніцтва.

Таццяна Новікава: Спецыялісты прызналі гэтую пляцоўку непрыдатнай яшчэ ў 1994 годзе. Адным з гэтых спецыялістаў быў акадэмік Міхалевіч, які паставіў свой подпіс пад дакументам. То бок пляцоўка была неспрыяльная, яна была слаба даследаваная. Будаўніцтва інфраструктуры для АЭС было распачатае ў 2009 годзе. І ў 2010-м была гатовая ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, у якой гаварылася, што яшчэ не скончаныя геалагічныя даследаванні пляцоўкі.

То бок даследаванні пляцоўкі былі скончаныя пазней, чым было распачатае само будаўніцтва.

Дрэнна і тое, што пляцоўка знаходзіцца ў непасрэднай блізасці ад Вільні. Вільня – буйны горад, сталіца суседняй дзяржавы. І 40 кіламетраў ад прыгарадаў Вільні да станцыі – вельмі малая адлегласць. Па ўсіх параметрах пляцоўка непрыдатная і небяспечная.

«Белсат»:Журналістам не раз распавядалі пра нейкія парушэнні тэхналагічных нормаў, пра шматлікія няшчасныя выпадкі, надзвычайныя сітуацыі. Заяўляюць пра трох загінулых, але людзі кажуць, што іх больш. Што там насамрэч адбываецца?

Таццяна Новікава: Будаўніцтва рэактарнага будынку першага энергаблоку пачалі 31 траўня 2012 года, калі яшчэ не было архітэктурнага праекту.

Учора намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк на сумеснай прэс-канферэнцыі з літоўскім бокам сказаў, што агулам было 10 няшчасных выпадкаў і толькі 3 смерці. Гэта вельмі, на мой погляд, цынічная заява, бо нам вядома пра большую колькасць загінулых.

Напрыклад, я ведаю, што сёлета загінула ўлікоўшчыца, якая працавала на пляцоўцы. Яна загінула пад коламі самазвалу. Гэта акрамя тых трох выпадкаў, якія пералічыў Міхадзюк. Паводле нашых звестак, загінула больш людзей. Тое, што Мінэнерга не валодае інфармацыяй пра гэтыя выпадкі, кажа аб тым, што расследаванні па гэтых выпадках не вядуцца. Ёсць шматлікія і сурʼёзныя парушэнні.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў