Экзатычных – у цяпло, чарапах – у лядоўню. Гарадзенскі заапарк рыхтуецца да зімы


Працаўнікі гарадзенскага заапарка рыхтуюць сваіх падапечных да зімы. Намеснік дырэктара Віталь Гуменны распавёў «Белсату» пра асаблівасці падрыхтоўкі да халадоў.

«Як ні дзіўна, экзатычныя жывёліны даволі добра пераносяць нашыя зімы. Для тыграў увогуле нашая зіма, як родная, – пасміхаецца спадар Віталь, – вось толькі мяса пражэрлівыя коткі спажываюць у разы болей».

Цалкам змяняецца рацыён парнакапытных, для якіх адмыслова рыхтуецца галінкавы корм. «Паўднёвікі», як іх называюць у заапарку – антылопы, куланы, вярблюды – таксама спакойна ставяцца да зімоўкі і часта любяць высунуць пысы са сваіх цёплых прытулкаў, каб паглядзець, што адбываецца навокал.

«Вярблюды, напрыклад, – жыхары пустэльняў, дзе ўдзень да 40 градусаў, а ўначы спадае да мінуса. Яны прызвычаеныя да нізкіх тэмператураў. Такія перапады робяць нашыя ўмовы крыху падобнымі да іх натуральных».

На пытанне, ці маглі б яны «перасяліцца» на нашыя землі, Віталь Гуменны адказвае, што ў прынцыпе гэта магчыма. «Аднак навошта? У нас сваіх жывёлінаў хапае. Тыя ж самыя коні. Жывёлінам заўсёды найлепш у сваіх натуральных умовах».

А вось страусы, на першы погляд, маглі б у нас спакойна бытаваць. Не зважаючы на холад, ім зусім не сядзіцца ў ацепленых сховішчах. Нават узімку яны робяць у снезе ямінкі і сядзяць там. Працаўнікам заапарка прыходзіцца на ноч класці ежу ў цёплы вальер, каб звабіць актыўных птахаў пагрэцца.



Самымі далікатнымі «мерзлякамі» з’яўляюцца папугаі ды малпы, якія катэгарычна не пераносяць скразнякоў. У іх вальерах запеньваюцца ўсе шчылінкі, каб не прадзімала.



«Фламінга таксама пераносім у поўнасцю цёплае памяшканне. Ногі ў іх вельмі адчувальныя. Трэба было вельмі асцярожна ставіць іх на зямлю, каб не скалечыць, – кажа спадар Віталь. – А вось пеліканы любяць выйсці пашпацыраваць, падыхаць свежым паветрам».

Самымі апошнімі ў цёплыя сховішчы пераносяцца чорныя лебедзі. На іх больш паўднёвай радзіме акурат прыпадае «шлюбны» перыяд і птушкі актыўна працуюць зараз над прадаўжэннем свайго роду.

«Калі казаць пра тое, якіх жывёлінаў узімку немагчыма ўбачыць, то хіба толькі частку чарапахаў, якіх мы замарожваем у адмысловай лядоўні і трымаем ажно да траўня, – кажа Віталь Гуменны. – Нашая беларуская балотная чарапаха звычайна ўзімку пры -8 градусах замярзае на дне вадаёмаў. Калі аб гэтым не паклапаціцца, вясной нашыя чарапахі не будуць размнажацца. Бо калі яны пачынаюць адмарожвацца, рэгенеруюцца ўсе іх клеткі і выдзяляюць гармоны, што падштурхоўвае іх да размнажэння».

Неўзабаве гарадзенскі заапарк рыхтуе сюрпрыз. Паступіла новая жывёла, якая цяпер знаходзіцца на каранціне і прызвычайваецца да новых умоваў. Паказаць «новенькага» спадар Віталь катэгарычна адмовіўся. Аднак, паколькі не пусціў нас да кенгуру і малпаў, можам пакуль што толькі здагадвацца, каго «прыхавалі» працаўнікі заапарка.


Глядзіце ўсе фота з Гарадзенскага заапарку:

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў