Эканоміцы патрэбная прыватная ініцыятыва. Сяргей Чэрачэнь выступіў на БТ


Кандыдат на прэзідэнта ў другі раз выступіў на тэлеканале «Беларусь 1». У сваёй прамове ён шмат гаварыў пра прыватны бізнес і неабходнасці ягонага падтрымання.

Сяргей Чэрачэнь на БТ. Скрыншот з выступу

Топчамся на месцы

Ён пачаў выступ з аповедамі пра сябе. Сяргей паведаміў, што нарадзіўся ў Крычаве, паспяхова займаўся бізнесамі, мае дачку. А потым плаўна перайшоў да эканамічных праблемаў у краіне.

«Беларусь топчацца на месцы, адстае ад усяго свету і сваіх суседзяў», – зазначыў ён.

Прыгадаў, што беларускі рубель абясцэніўся ў 8 разоў. І гэта не змова, а вынік эканамічнай палітыкі. Прыгадаў і дарагія машыны чыноўнікаў і падтрыманне неэфектыўных прадпрыемстваў.

За 10 гадоў рост эканомікі склаў менш за 1% у год. Прычым прыбліжаныя да ўлады становяцца багацейшымі, а астатнія – толькі бяднейшымі. Улады забылі пра абяцанні сярэдняга заробку ў $ 1000, зараз ледзь сягае $ 500.

Прыватная ініцыятыва

«Замест таго, каб думаць аб развіцці ўсёй эканомікі, улады клапоцяцца толькі аб сябе. Мільёны рублёў уліваюцца ў неэфектыўныя прадпрыемствы – намагаюцца схаваць свае памылкі. Яны прадаюць нам толькі казкі: кажуць пра новыя мадэлі на МТЗ і МАЗе, але не гавораць пра забітыя склады», — падкрэсліў кандыдат.

Чэрачэнь кажа, што ганарыцца мы можам толькі прыватнай ініцыятываю. Бізнес зарабляе грошы і плоціць падаткі. Аднак падтрыманне не атрымлівае – толькі пагрозы і знявагі.

«Бізнесу, які дзяржава лічыць сваім, жывецца добра. Паглядзіце на «Табакеркі» пад сваім вакном», – заўважае Сяргей Чэрачэнь.

Чаму так адбываецца? Чэрачэнь мяркуе, што таму што ўлады дзеляць усіх на «сваіх і чужых». Свае — чыноўнікі і дзяржаўныя прадпрыемствы, чужыя – бізнесоўцы.

Сяргей Чэрачэнь згадаў «неплацяжы» – калі дзяржаўныя прадпрыемствы не плоцяць па рахункам і з гэтым бадай што немагчыма нешта зрабіць. Маўляў, патрэбныя таксама інвестыцыі. Але гэта не грошы блізкіх сяброў беларускай улады і не бясконцыя крэдыты.

«За апошнія 10 гадоў знешні доўг Беларусі вырас у два разы. Улады бяруць крэдыты, каб выплаціць папярэднія», – кажа кандыдат. – «Мы і нашыя дзеці мусім вяртаць гэтыя грошы сваімі падаткамі. Для таго, каб несумленныя кіраўнікі маглі ствараць прыгожыя справаздачы».

Паводле яго, калі ў Беларусі будзе створаная нармальны клімат для прыватнай ініцыятывы, то тады будуць створаныя новыя працоўныя месцы з добрымі заробкамі і ўмовамі працы.

Сяргей Чэрачань. Фота са старонкі ў фэйсбуку

Трэба яднацца

«Я ведаю, што ў Беларусі ёсць шмат людзей, якія зрабілі сябе самі. Не трэба з’язджаць з краіны, каб быць смелым. Трэба заставацца і яднацца», – заклікае кандыдат.

Ён паабяцаў, што створыць бізнес асацыяцыю – правобраз Міністэрства для развіцця дробнага і сярэдняга бізнесу, якое будзе займацца падтрыманнем прыватных ініцыятываў.

«Мы хочам дапамагчы бізнесу ўкараняць міжнародныя практыкі і стандарты якасці. Каб Беларусь магла жыць і рухацца наперад. Людзі хочуць пераменаў – сумленных і вольных выбараў. Гэта важна, але важна і тое, што мы будзем рабіць пасля. Ці будзем мы рухацца наперад? Або і далей адставаць ад суседзяў», – пытаецца кандыдат.

Ён сцвярджае, што эканоміцы патрэбны рухавік як прыватная ініцыятыва, а людзям – упэўненасць, што дзяржава не кіне іх на волю лёсу праз страту працы або эпідэмію.

«Толькі разам мы можам рэалізаваць гэтыя планы. Як у жыцці, так і ў бізнесе я за камандную гульню», – кажа кандыдат.

Напрыканцы Чэрачэнь заклікаў выбарцаў галасаваць 9 жніўня, быць назіральнікамі, а таксама прыходзіць да яго ў штаб.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў