Эканамісты ЕБРР падлічылі, колькі гадоў аддзяляе Беларусь ад краінаў «Вялікай сямёркі»


Дзяржаўныя інстытуты ў Беларусі развіваюцца больш марудна, чымся ў іншых краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Да гэтай высновы прыйшлі эксперты Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ў дакладзе «Лепшае кіраванне – лепшыя эканомікі». Даклад 5 лютага прэзентавала ў Менску галоўная эканамістка ЕБРР Бэата Яворцік.

Спадарыня Яворцік падкрэсліла: узровень якасці інстытутаў у дзяржаве моцна залежыць ад эканамічнага ўзроўню краіны. То бок больш багатыя краіны звычайна маюць больш развітыя інстытуты і эфектыўнае кіраванне.

Прэзентацыя дакладу галоўнай эканамісткі ЕБРР Бэаты Яворцік.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У 1996 годзе Беларусь мела ўзровень развітасці інстытутаў ніжэйшы за той, што мусіць быць пры тагачасным узроўні эканомікі. У 1990-ыя такая сітуацыя была характэрная для шмат якіх краінаў рэгіёну. За наступныя 20 гадоў у Беларусі выправіць гэтую тэндэнцыю не ўдалося.

«Калі мы паглядзім на суадносіны ўзроўню даходаў і якасці інстытутаў, то мы пабачым, што быў дасягнуты пэўны прагрэс, але ўсё роўна якасць ніжэйшая, як дазваляе ўзровень даходаў у эканоміцы Беларусі. Інстытуты краінаў Усходняй і Цэнтральная Еўропы выраслі значна больш з таго часу», – канстатуе адмыслоўца.

У дакладзе ЕБРР адзначаюць, што беларусы маюць вельмі нізкі ўзровень даверу да свайго ўраду, судоў і выбараў, яны скептычна ацэньваюць сітуацыю з карупцыяй і са свабодаю прэсы.

«Разрыў з развітымі краінамі ў гэтых паказніках толькі расце. Гэта мае вельмі сур’ёзнае значэнне. У выніку Беларусь развіваецца значна больш маруднымі тэмпамі, як яна магла б», – кажа спадарыня Яворцік.

Аляксандр Чубрык, дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu.

Эканамістка падкрэслівае, што ўзровень развітасці дзяржаўных інстытутаў наўпрост уплывае на ўзровень інвестыцыяў у эканоміку краіны, даходы грамадзянаў, іхную задаволенасць з жыцця і, адпаведна, жаданне эміграваць. Прычым за апошняя дзесяцігоддзе значэнне развіцця інстытутаў для эканомікі толькі вырасла.

Паводле ЕБРР, пры цяперашняй якасці інстытутаў Беларусь можа дасягнуць узроўню эканамічнага развіцця краінаў «Вялікай сямёркі» не менш як праз 100 гадоў. Пры ўмове эфектыўнага рэфармавання інстытутаў гэты тэрмін скароціцца да сарака гадоў.

Прэзентацыя дакладу ЕБРР у Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Патрэбныя свабодныя СМІ, высокая якасць судоў, увядзенне пасады омбудсмана. Рэформа інстытутаў – гэта не простая справа. Прагрэс, што назіраўся ў краінах Цэнтральнай Еўропы, пераважна быў дасягнуты праз далучэнне да ЕЗ. Гэты працэс стаўся вонкавым якарам, арыенцірам, які прадэманстраваў, чаго трэба дасягнуць. Але як знайсці вонкавы арыенцір Беларусі? Магчыма, працэс рэфармавання можа стымуляваць уступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю», – адзначыла Бэата Яворцік.

Hавiны
Абвальнае падзенне: колькасць прыхільнікаў саюзу з Расеяй знізілася на траціну
2020.02.05 10:58

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў