Эканамічны суд стаў на бок ідэолагаў і не дазволіў канцэрт Алеся Дзянісава


Суддзя Аліна Драбудзька палічыла законнымі дзеянні ідэолагаў Менгарвыканкаму, якія забаранілі жывую прэзентацыю сольнага альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на вершы паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

Пра гэта ў сацыяльных сетках напісаў кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін, які зʼяўляецца арганізатарам імпрэзы.

Будкін адзначыў, што рашэнне суд прыняў у яго адсутнасць. Журналіст аспрэчваў дзеянні начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Менгарвыканкаму Паўла Скалабана (ён і раней забараняў выступы гурта) і прасіў прызнаць іх незаконнымі.

«Аляксандр Дзянісаў не абражаў чыйсьці гонар, не заклікаў да гвалту, не распаўсюджваў порна. Ён проста паклаў на музыку вершы сляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата з цыклу «Кароткая гісторыя Беларусі»», – піша кіраўнік TuzinFM.

«Сольнік» Дзянісаў прэзентаваў у чэрвені сёлета. Жывыя канцэрты меліся адбыцца ў верасні ў Горадні, Віцебску, Менску.

Арганізатары канцэрту напісалі заяву на атрыманне гастрольнага пасведчання ў Менгарвыканкам. Аднак пасля аналізу тэкстаў песень ідэолагі адмовілі ў правядзенні канцэрту. Мастацкі савет пры Менгарвыканкаме на чале са Скалабанам спаслаўся на «нізкі мастацкі ўзровень выканання» (без праслухоўвання самаго выканаўцы). Будкін спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне і намагаўся даведацца, на чым грунтавалася адмова.

Зборнік Алеся Чобата «Кароткая гісторыя Беларусі», які і натхніў гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава на запіс альбому паводле гэтых вершаў, пабачыў свет у 2014 годзе. Вершы апісваюць гісторыю Беларусі ад часоў князя Міндоўга да 1991-га года. Дзянісаў працаваў над альбомам цягам двух гадоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў