Эканамічны суд Менску канчаткова пазбавіў TUT.by статусу СМІ

Парушэнні знайшлі ўсяго ў 0,06 % матэрыялаў (у чатырох з 4692), апублікаваных пасля першага папярэджання.

Міністэрства інфармацыі лічыць, што «няпэўная інфармацыя» ў матэрыялах, за якія вынесеныя папярэджанні, наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам. Абарона парталу ў судзе адзначала, што пазбаўленне статусу СМІ абмяжоўвае права грамадзянаў на доступ да дакладнай інфармацыі. Суддзя пастанавіў пазбавіць TUT.by статусу СМІ, інфармуе партал.

З 7 жніўня 2020 года TUT.by былі вынесеныя 4 папярэджанні паводле чатырох артыкулаў. Пасля абскарджання парталам у Вярхоўным Судзе вынесеных папярэджанняў адно з іх прызналі несапраўдным.

Папярэджанні датычылі матэрыялаў пра таемныя пратаколы на выбарах прэзідэнта, прэміі супрацоўнікам дзяржкантролю за поспехі ў рэзанансных справах, ператрусы ў рэдактара партала і крымінальнай справе супраць ейнай дачкі, а таксама пра тое, што мытныя органы папрасілі пацвердзіць, што ў кнігах пра Гары Потэра няма заклікаў да звяржэння ладу. Мінінфармацыі краіны лічыць, што гэтыя публікацыі распаўсюджваюць недакладную інфармацыю і «наносяць шкоду дзяржаўным інтарэсам».

TUT.by атрымаў Міжнародную прэмію імя Паўла Шарамета

Улады могуць атрымаць магчымасць спыніць выпуск выдання пасля рашэння суда.

У парталу ёсць 15 дзён на абскарджанне судовага рашэння. Генеральны дырэктар «Тут Бай медыя» Людміла Чэкіна пасля абвяшчэння рашэння заявіла, што яно будзе абскарджанае. Яна дадала, што без статусу СМІ партал працягне працу, аднак журналістам будзе складаней атрымліваць інфармацыю.

Міністэрства інфармацыі Беларусі звярнулася ў суд з пазовам аб спыненні выпуску сеткавага выдання і пазбаўленні яго статусу сродку масавай інфармацыі ў канцы верасня. З 1 кастрычніка міністр інфармацыі Ігар Луцкі загадаў прыпыніць для TUT.by дзеянне статусу СМІ да 30 снежня.

Пазбаўленне выдання статусу СМІ ў Беларусі магчымае пасля двух і больш пісьмовых папярэджанняў на працягу аднаго года.

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Тэгі: TUT.BY суд

Hавiны