Экаактывістка Вераніка Яновіч: Чалавецтва можа прыпыніцца і задумацца, што яно робіць са светам

Вераніцы Яновіч 23 гады. Яна актывістка і каардынатарка Беларускіх маладых зялёных. Год таму ўвосень яна ладзіла каля Камароўкі адзіночную акцыю на падтрыманне кліматычнага страйку, што запусціла шведская школьніца Грэта Тунбэрг. Але Вераніцы не падабаецца, калі яе называюць беларускаю Грэтай.

«У нас ёсць такая праблема, што, калі ты хочаш проста распавесці пра нейкую праблему, звярнуць на яе ўвагу грамадства, табе заяўляюць, што гэта ты і павінен усё выправіць і развязаць. Такое перакладанне на цябе адказнасці проста за тое, што адкрыў рот».

Дзяўчына не лічыць чымсьці незвычайным экалагічны лад жыцця і намагаецца, каб сартаванне смецця ды скарачэнне ўласнага вугляроднага следу было нормай, а не гераізмам. Яна ўпэўненая, што адказнаму стаўленню да прыроды трэба прывучаць з дзіцячых садкоў. Свой уласны шлях да зялёнага актывізму Вераніка пачала яшчэ са школы, прыбіраючы лесапасадкі ў родным Жодзіне.

Вераніка Яновіч. Фота: ДС / Belsat.eu

Цяпер актывістка ў самаізаляцыі ды намагаецца знаходзіць у ёй нейкія светлыя бакі. Вераніка ўпэўненая: падчас эпідэміі ў чалавецтва з’явілася магчымасць прыпыніцца і задумацца пра свае дзеянні ды іх наступствы для прыроды. Людзі могуць перагледзець свае звычкі, заўважыць, колькі рэчаў яны спажываюць і колькі рэчаў ім насамрэч трэба.

ДС Belsat.eu

Hавiны