«Эфект Ціханоўскага» і «План Курэйчыка»

Пасля словаў дзейснага кіраўніка дзяржавы пра тое, што «краіну яны не атрымаюць», увесь сэнс выбараў пачаў насіць вельмі ўмоўны і адносны характар. Лукашэнка даў зразумець, што ні пры якіх раскладах уладу ў краіне ён не аддасць. Прабачце мяне за песімізм, але самае важнае пытанне ўжо цяпер можна ставіць наступнае: што будзе адбывацца з апазіцыйным рухам пасля наступнай «элегантнай перамогі»?

Доўгі час усё палітычнае жыццё ў краіне жыло ад выбараў да выбараў. Пры чым, з большага, менавіта перад выбарамі прэзідэнта максімальна актывізавалася традыцыйная апазіцыя, пачыналася нейкае бурленне мас, на некаторых этапах пратэст выліваўся на вуліцу… А потым былі разгоны, дубінкі, «суткі», крымінальныя справы і г.д. Пасля глытка свабоды пачынаўся «апахмел» і дэпрэсуха. Народны гнеў перасяляўся ва ўтульныя кухні і інтэрнэт-чаты, улада пачынала трохі адкручваць гайкі, апазіцыя засынала, каб абуджацца час ад часу, для прыняцця нейкай рэзалюцыі ці пастановы.

«Традыцыйная апазіцыя»

Зразумейце мяне правільна. Я тут крытыкую не дзеля крытыканства. У свой час, калі толькі гультай не пінаў апазіцыю ў хвост і грыву, у мяне не падымалася рука. І не толькі таму, што нашыя погляды на сітуацыю ў краіне супадалі. Неяк традыцыйна мае сімпатыі заўсёды былі на баку больш слабога. А тое, што ў нашай краіне, проста быць сябрам нейкай апазіцыйнай партыі шкодна для здароў’я, – думаю, што не трэба тлумачыць. Між тым, пры ўсіх аб’ектыўных прычынах заняпаду традыцыйнай апазіцыі, субектыў пачаў выпіраць усё больш і больш. І перафразуючы класіка, яна станавілася «страшэнна далёкай ад народа».

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

На прыкладзе гарадзенскага валанцёрскага руху пад час covid-пандэміі я бачыў, як частка прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў актыўна ўключыліся ў гэты рух, дапамагалі сваімі рукамі, грашыма і часам. Я здымаю перад імі капялюш. Але дзейнічалі яны не дзякуючы, а насуперак сваім палітычным арганізацыям! Бо ніводная апазіцыйная партыя не здолела нават заняць нейкую акрэсленую пазіцыю па гэтаму пытанню, на паперы, і тым больш – мабілізаваць сваіх сябраў на дапамогу, на партыйным узроўні. А што жа яшчэ важней у краіне, як не яе народ, жыццё і здароў’я простых людзей? Замест гэтага, частка апазіцыі лічыла больш значным і важным для сабе праводзіць нікому не патрэбны «цырк» пад назвай «праймерыз». І калі б ён хаця бы праходзіў цікава…

«Эфект Ціханоўскага»

З большага, простыя людзі пачалі апазіцыю асацыяваць з тымі жа прадстаўнікамі ўлады, толькі наадварот. Маўляў: абое рабое. Бо прыходзілі да гэтага народа нашыя апазіцыянеры (ізноў жа, прашу мяне зразумець правільна: я не хачу ўсіх – у адну талерку!) перад выбарамі, а пасля выбараў кудысьці знікалі. І вось таму спрацаваў «Эфект Ціханоўскага». Звычайны мужык-блогер здолеў аб’яднаць актыўную пратэставую частку народа значна хутчэй і шчыльней, чым усе апазіцыйныя партыі разам узятыя. А што ж ён такога зрабіў? Проста паехаў з камерай і мікрафонам у гэты самы народ, і даў яму слова!

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

А вось чаму зараз Губарэвіч і і Дзмітрыеў, якія ўсё жыццё займаліся палітыкай, выглядаюць блякла і тужліва на фоне Бабарыкі і Цапкала, якія ніколі гэтай палітыкай не займаліся (апошні нейкі час быў дыпламатам, але гэта не лічыцца)? Напэўна таму, спадары Бабарыка і Цапкала выглядаюць эканамічна-паспяховымі людзьмі. Таксама таму, што на першае месца ў сваіх заявах яны ставяць эканамічныя праблемы, якія значна бліжэй простаму народу, чым праблема, напрыклад заняпаду беларускай мовы.

«Вярхі» і «нізы»

Дзякуючы інтэрнэту, дзякуючы блогерам, дзякуючы той жа апазіцыі, народ прачынаецца. Усё больш людзей пачынае разумець што ён – крыніца ўлады. Рэйтынг дзейнага прэзідэнта катастрафічна нізкі. Улада, замест таго, каб паспрабаваць пачаць нейкі дыялог з грамадствам, працягвае «кашмарыць» актывістаў, праводзячы тапорныя правакацыі і арышты, каб зрабіць тое, што яна дакладна навучылася за доўгія гады – запужаць народ. І ўжо сляпому бачна, што «нізы» не хочуць, а «вярхі» не могуць пакідаць усё па-старому, але, прабачце за мой песімізм, рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне я не бачу.

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат

«Вярхі» пачнуць яшчэ мацней «закручваць гайкі». Яны будуць далей абмяжоўваць правы і свабоды. Першы ўдар будзе нанесены па недзяржаўным СМІ ды інтэрнэту. Можна чакаць кітайскага варыянта. І гэта будзе не сон, а наступны крок у бок свету Оруэла.

«План Курэйчыка»

Што жа рабіць «нізам»?

Выбары. Выбары сёлета нічога не вырашаць. Максімум на што пойдзе ўлада – дапусціць у другі тур, напрыклад, Віктара Бабарыку. А далей будзе элегантная перамога. Не спадара Віктара, як разумееце.

Усебеларуская забастоўка. Не магчымая ва ўмовах цяжкай эканамічнай сітуацыі. Хто будзе карміць?

Плошча. Па-першае, ніхто з кандыдатаў на Плошчу не кліча. Пра магчымы Майдан больш гутараць на дзяржаўных тэлеканалах. Па-другое, ва ўмовах пандэміі і далейшых зачыстак актывістаў, яна не набудзе крытычнай масы. Не выйдзе на Плошчу 9 жніўня палова Менску! А тых хто выйдзе, чакаюць гумавыя дубінкі ды правакацыі з боку новых «Аленаў» і «Іванаў», якіх сілавікі хаваюць у рукаве. Як вынік, – пабоішча ды безліч крымінальных справаў.

«План Курэйчыка». Назаву яго так. Не тое, каб спадар Андрэй першым агучыў ідэю шырокага народнага руху. Яна падымалася не раз. Рэжысёр Курэйчык проста падняў з падлогі ідэю, якая даўно не раз падымалася, і агучыў ізноў на сваім youtube-канале. Таксама ён сканцэнтраваў увагу на тым, што гэта павінна быць менавіта палітычная партыя, якая будзе змагацца за ўладу. Можна зрабіць рэбрэндынг, напрыклад, партыі БНФ. Але па-першае, новыя лідары наўрад ці захочуць звязваць свае імёны з традыцыйнай апазіцыяй. Па-другое, старыя апазіцыянеры не захочуць дзяліцца ўладай у сваіх партыях. Таму, няхай «губарэвічы» ды «дзмітрыевы» далей сядзяць у маргінэзе. Актыўныя і баяздольныя пяройдуць у новы рух!

Збор подпісаў у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат

Моц Бабарыкі, Ціханоўскага, Цапкалы – якім трэба аб’ядноўвацца – менавіта ў людзях. Яны ім паверылі. І цяпер гэту энергію, моц і яднанне трэба накіраваць на стварэнне і дзейнасць новай партыі. І калі ў ёй будзе, напрыклад, 50 % беларусаў то з такой сілай не паспрачаешся. І партыя павінна быць менавіта народнай, якая будзе існаваць не за грошы з-за кардона, не на нейкія гранты, а менавіта за кошт ахвяраванняў і сяброўскіх унёскаў, каб людзі адчувалі яе сваёй партыяй. Гучыць можа гэта ўсё рамантычна, але чаму не? Пажывем ды паглядзім!

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў