Едзеце ў Горадню? Наведайце гэтыя сем «самых беларускіх» месцаў!


Дзе ў Горадні спыняўся Каліноўскі? Дзе разгортвалася палымянае каханне Паўліны Мядзёлкі і Тамаша Грыба? Дзе Луцкевіч ладзіў паседжанні БНР? Разам з новым даведнікам Андрэя Чарнякевіча шпацыруем па гарадзенскіх мясцінах, зязваных з нацыянальным рухам.

Усё пачыналася ў кляштарных мурах

У адной з келляў кляштару францысканцаў збіраліся сябры гуртка беларускай моладзі “Хатка” – першай беларускай арганізацыі Горадні

Гісторыя беларускага руху ў Горадні шчыльна звязаная з двума былымі каталіцкімі кляштарамі – францысканцаў і бернардынаў. Стаяць яны на двух супрацьлеглых берагах Нёмну. Кляштар францысканцаў заснавалі яшчэ ў 1635 годзе, аднак манахі даўно яго пакінулі. Здымаць пакой на другім беразе Нёмну каштавала вялікіх грошай. Таму хлопцы-беларусы з Сакольшчыны, якія прыехалі вучыцца ў гімназіі, спыніліся ў кляштары. Янка Ляўковіч на мянушку Капяльдудка, Адольф Зянюк і Баляслаў Грабінскі займалі адну з келляў, якая, хутчэй за ўсё, захавалася і сёння. Утрох яны належалі да гуртка «Хатка» – першай беларускай арганізацыі ў Горадні.

Бернардзіскі касцёл. Менавіта тут восеньскім вечарам 1909 г. у цеснай кватэрцы ксяндза Францішка Грынкевіча і быў заснаваны гурток беларускай моладзі

Далей перамесцімся ў кляштар бернардынаў, дзе сёння размяшчаецца Гарадзенская вышэйшая духоўная семінарыя. Менавіта тут адным восеньскім вечарам 1909 года ў цеснай кватэры ксяндза Францішка Грынкевіча і быў заснаваны гурток беларускай моладзі. Грынкевіч патранаваў аб’яднанне цягам двух гадоў, ён адным з першых перадаў у бібліятэку гуртка кнігі з уласнага збору. Разам з моладдзю ён ездзіў дамаўляцца аб правядзенні беларускіх вечарынаў. Пазней супрацоўнічаў з беларускаю каталіцкаю газетаю «Biełarus», браў удзел у выданні першага каталіцкага малітоўніку на беларускай мове. Памёр Францішак Грынкевіч 26 ліпеня 1933 года, пахаваны на старых каталіцкі могілках у Горадні.

Пачатак «другой сталіцы БНР»

Будынак Драматычнага тэатру (вул.Маставая 9) – тэрыторыя былога Быпысаглебскага праваслаўнага манастыра, дзе пачыналася “другая сталіца БНР”

Маставая 9. Мала хто ведае, што на месцы сённяшняга Драматычнага тэатру, які стаіць насупраць касцёлу бернардынаў, віравала беларускае жыццё. Раней тут стаяў кляштар бернардынак, які пазней зачынілі царскія ўлады Расейскай імперыі ды ператварылі ў Барысаглебскі мужчынскі манастыр. У цэнтр беларускага жыцця гэтае месца пераўтварылася выпадкова, калі ў 1915 годзе сюды з Краснастоку перавезлі дзіцячы прытулак для дзяўчынак. Менавіта тут з ініцыятывы Антона і Івана Луцкевічаў у 1916 годзе пачала працаваць першая ў Горадні беларуская школка. Яе настаўнікамі сталі 18-гадовая Тэкля Станішэўская і старэйшы за яе на 5 гадоў Аляксандр Грыкоўскі. З прычыны цяжкіх умоваў маладыя настаўнікі праз некалькі гадоў захварэлі на сухоты і сышлі з жыцця.

У 1918 годзе тут размясцілі першую ў Горадні легальную беларускую арганізацыю – Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі. У будынку Барысаглебскага манастыра адбываліся падпольныя сустрэчы эсэраў, якія ўдзельнічалі ў антыпольскім руху. Абавязкі падпольнага каменданта гораду выконваў Адам Трыпуза. Ужо зімою 1922 года падрыхтоўвалі тэрарыстычныя акцыі. Партызаны планавалі ўзарваць штаб польскага камандавання ды забіць гарадзенскага старасту. Аднак здзейсніць задуму беларускім эсэрам не ўдалося.

Тым не менш Барысаглебскі манастыр у Горадні яшчэ доўга заставаўся прытулкам беларускасці. Тут, між іншага, размяшчалася канцылярыя Беларускай настаўніцкай рады, рэдакцыя газеты «Сялянская гутарка», беларуская кнігарня і аддзяленне Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Да таго ж над брамаю манастыра на свята вывешваўся бел-чырвона-белы сцяг. Даўжэй за ўсё пратрымаўся беларускі прытулак, кіраўніцай якога была Станіслава Буйла – родная сястра беларускай паэткі Канстанцыі Буйлы-Калечыц.

Першы ў Горадні беларускі мітынг

Савецкая плошча 2, дом Мураўёвых

У доме Мураўёвых (Савецкая плошча 2) яшчэ пры канцы 1918 года ў зале афіцэрскага казіно зладзілі першы ў горадзе беларускі мітынг. Аркадзь Смоліч згадваў праз гады, што «лозунгі БНР карысталіся тады поспехам». Тады ж тут стварылі і Беларускую павятовую сялянскую раду, якую ўзначаліў Андрэй Якубецкі.

Беларуская Мекка за кратамі

Гарадзенская турма на вул. Кірава, дзе сядзелі Т. Грыб, П. Мядзёлка, Валянцін Таўлай і Браніслаў Тарашкевіч

Яшчэ адно вартае ўвагі месца, якое гуртавала беларусаў, – гарадзенская турма на вуліцы Кірава, якая за «польскім» часам сталася беларускаю Меккай. Аднымі з першых гарадзенскую турму «пакаштавалі» беларускія эсэры – Тамаш Грыб, Паўліна Мядзёлка і Янка Натусевіч. Аднак, напэўна, самым вядомым беларускім вязнем стаў Браніслаў Тарашкевіч. Сваё зняволенне ён адбываў у адзіночнай камеры пад № 46. Яго ўтрымлівалі як асабліва небяспечнага злачынца і нават на шпацыр выводзілі асобна ад іншых. Аднак гэта не перашкодзіла яму падчас зняволення перакласці на беларускую мову паэму «Пан Тадэвуш».

Як пераназваць Савецкую: у вуліцу Каліноўскага ці Луцкевіча?

Вул. Савецкая 7 – менавіта тут знаходзілася канспіратыўная кватэра, дзе спыняўся Кастусь Каліноўскі падчас падрыхтоўкі паўстання

На вуліцы Савецкай ёсць два адрасы, важныя для беларускай гісторыі Горадні. У камяніцы № 7 была канспіратыўная кватэра, дзе спыняўся Кастусь Каліноўскі, рыхтуючы паўстанне.

Вул. Савецкая 23, былы гатэль “Расея”, дзе ў сакавіку 1919 года праходзілі паседжанні ўрада БНР, Беларускі нацыянальны камітэт, Грамада беларускай моладзі, рэдакцыя газеты “Беларусь”

А крыху далей на Савецкай 23 у тагачасным гатэлі «Расея» (па іроніі лёсу) праходзілі паседжанні ўраду БНР. Менавіта ў Горадні ў той час святкавалі першую гадавіну абвешчання незалежнасці БНР – увесну 1919 года. Падчас урачыстай вечарыны Антон Луцкевіч звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежная.

Дзе разгортвалася палымянае і трагічнае каханне двух беларускіх эсэраў?

Вул. Карбышава 10 – тут працавала Грамада беларускай моладзі, месца развіцця кахання Тамаша Грыба і Паўліны Мядзёлкі

Крыху збочыўшы ад вуліцы Савецкай, можна прайсці на вуліцу Карбышава, дзе ў доме № 10 месцілася Грамада беларускай моладзі. У сценах гэтай камяніцы рахгарэлася пачуццё, што звязала паміж сабой Тамаша Грыба і Паўліну Мядзёлку. Іх сувязь сталася асабістай трагедыяй для трэцяй асобы – Палуты Бадуновай. Прайшоў час. Бадунова загінула ў савецкай вязніцы, памёр на чужыне Грыб, і толькі Мядзёлка дачакалася такога-сякога прызнання савецкай улады і нават выдала кніжку ўспамінаў, дзе была вымушаная апісаць каханага ў непрывабных фарбах.

Дзе жыла Зоська Верас?

Дом па вул. Карла Маркса 4, дзе раней жыла Людвіка Сівіцкая, больш вядомая пад псеўданімам – Зоська Верас

Апошні дом нашай вандроўкі стаіць на вуліцы Карла Маркса 4, дзе раней жыла Людвіка Сівіцкая, больш вядомая пад псеўданімам Зоська Верас. У Горадню яна прыехала разам з бацькамі ў 1909 годзе і адразу стала адною з заснавальніц гуртка беларускай моладзі. Яна выконвала абавязкі бібліятэкаркі пры гуртку, выступала ў спектаклях, перакладала п’есы польскіх аўтараў, арганізоўвала выступы ў вёсках і ліставалася з беларускімі дзеячамі з Пецярбургу і Вільні. Згаданая камяніца стала прытулкам для шматлікіх беларусаў. Пэўны час тут месцілася праваслаўная кансісторыя, звязаная з іменем праваслаўнага святара айца Іаана Карчэўскага. Пасля Першай сусветнай вайны святар займаўся актыўнай грамадскай працай на беларускай ніве. Ён быў адным з арганізатараў антыпольскага партызанскага руху.

Новы шляхаводнік па беларускай Горадні

Названыя адрасы – толькі малая частка беларускай гісторыі, апісанай у шляхаводніку «Шпацыр па Гародні» Андрэя Чарнякевіча. Заахвочваем самастойна ўзяць у рукі новае выданне і паблукаць па гарадзенскіх вулачках.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў