Эдуарду Пальчысу афіцыйна выставілі абвінавачванне


Блогеру Эдуарду Пальчысу 6 лістапада было выстаўлена абвінавачванне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Пальчысу інкрымінуюць ч. 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі, кіраўніком следчай групы быў прызначаны Андрэй Еўлаш.

Пра тое, што блогер з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы, стала вядома ў канцы кастрычніка, калі ён не выйшаў на свабоду пасля заканчэння 30 содняў арышту. Яшчэ ў чэрвені Пальчыса двойчы завочна пакаралі 15 соднямі.

Пальчыс – былы палітвязень

Пяць гадоў таму Эдуард Пальчыс ўжо праходзіў па крымінальнай справе. На сваім сайце ён публікаваў матэрыялы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў пад псеўданімам Джон Сільвер. Пасля затрымання КДБ у 2015 годзе ён пераехаў у Украіну. У студзені 2016 года яго арыштавалі ў Расеі, а ў канцы траўня экстрадавалі ў Беларусь.

Тады яго вінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (Распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў).

Беларускія праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязням. Напрыканцы кастрычніка 2016 года Менгарсуд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да 1 году і 9 месяцаў без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пальчыса вызвалілі ў зале суда.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў