ЕАБР: У Беларусі паскорыцца рост цэнаў


У 2019 годзе ў Беларусі замарудзяцца тэмпы прыросту валавога ўнутранага прадукту, а вось тэмпы росту інфляцыі, наадварот, паскорацца. Пра гэта гаворыцца ў красавіцкім макрааглядзе Еўразійскага банку развіцця.

У ЕАБР мяркуюць, што завяршэнне фазы аднаўлення эканомікі знізіць тэмпы прыросту ВУП краіны да 1,5 %. Таксама прагназуецца запаволенне росту спажывецкага попыту, бо знізяцца тэмпы павелічэння заробкаў і крэдытная актыўнасць грамадзян. Стрымліваць інвестыцыйную актыўнасць будуць і больш жорсткія ўмовы банкаўскага крэдытавання, тады як запаволенне эканамічнага росту ў Расеі і Еўразвязе будзе стрымліваць рост беларускага экспарту.

У Белстаце распавялі, чаму не ўсе беларусы атрымліваюць абяцаны сярэдні заробак

Ключавой рызыкай для беларускай эканомікі ў аналізе называецца геапалітычная напружанасць у рэгіёне, калі патэнцыйнае ўзмацненне заходніх санкцый да Расеі можа негатыўна паўплываць і на Беларусь.

Тым не менш, эксперты прагназуюць, што ў 2020-2021 гадах прырост беларускага ВУП павялічыцца да прыблізна 2 % штогод. Паскорыць гэта будзе можна пры лібералізацыі бізнес-асяроддзя і павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны.

Інфляцыя ў 2019 годзе, на думку аўтараў агляду, складзе 5,7 %, што больш за мэтавы арыенцір Нацбанку ў 5 % за год. На яе паскарэнне паўплывае рост інфляцыі ў Расеі, паслабленне беларускага рубля ды інфляцыйны ціск заробкаў. Разам з тым заяўляецца, што такі ўплыў будзе часовым, і тэмпы інфляцыі у сярэднетэрміновым перыядзе паступова замарудзяцца да мэтавых 5%. Таксама захоўваецца рызыка далейшага павышэння ўнутраных цэн на паліва.

Для простага чалавека прадукты даражэюць, для багатага – таннеюць

У 2019 годзе беларускі рубель будзе аслабляцца ўмеранымі тэмпамі. У сярэднетэрміновым перыядзе паслабленне нацыянальнай валюты захаваецца, бо інфляцыя ў Беларусі больш высокая ў параўнанні з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі.

Што тычыцца росту курсаў валют, дык асноўныя рызыкі для рубля ляжаць у геапалітыцы, бо курс беларускай валюты да долара моцна залежыць ад курсу расейскага рубля, падсумавалі ў ЕАБР.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары