ЕАБР: «Брудная» нафта замарудзіла эканамічны рост у Расеі і Беларусі


Наступствы забруджвання нафты ў трубаправодзе «Дружба» сталі адной з асноўных прычынаў запаволення эканамічнага росту ў Расеі і Беларусі, а таксама ў рэгіёне ў цэлым. Пра гэта адзначаецца ў эканамічным аглядзе краінаў-удзельніц Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР), паведамляе «Інтэрфакс».

«Эканамічная актыўнасць у рэгіёне аперацыяў ЕАБР па выніках траўня 2019 года запаволілася. Гэта звязана, перш за ўсё, са зніжэннем тэмпаў росту эканомік Расеі і Беларусі, якое ў большай ступені тлумачыцца дзеяннем каляндарнага фактару, наступствамі забруджвання нафты ў трубаправодзе» Дружба« і запаволеннем спажывецкага попыту», – гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым у іншых краінах ЕАЭС эканамічная сітуацыя ў траўні 2019 года не зведала істотных змен, адзначаецца ў дакладзе.

Між тым, эксперты банку чакаюць аднаўленне эканамічнага росту ў Расеі ў другім паўгоддзі, што павінна аказаць стымулюючы ўплыў на дынаміку эканомік краінаў рэгіёну.

«Паводле нашых ацэнак, дзеянне большасці фактараў, якія стрымлівалі эканамічны рост у траўні 2019 года, носяць часовы характар. Па меры чаканага змякчэння манетарнай і фіскальнай палітыкі прагназуецца паскарэнне тэмпаў прыросту ВУП Расеі. Гэта можа аказаць падтрыманне эканамічнаму развіццю рэгіёну ў другой палове 2019 года», – адзначаецца ў дакладзе.

Аўтары дакладу таксама лічаць, што рызыкі зніжэння коштаў на сыравінныя тавары зменшыліся на фоне аднаўлення перамоваў паміж ЗША і Кітаем і падаўжэння дамоўленасцяў аб абмежаванні здабычы нафты ў рамках АПЕК +.

Міністэрства фінансаў Беларусі да гэтага часу ацэньвае страты айчыннага бюджэту ад паступлення няякаснай расейскай нафты. За першыя тры месяцы бягучага года Беларусь прадала за мяжу на 11 % менш нафтапрадуктаў, чым за такі ж перыяд летась. Да таго ж у канцы красавіка праз усю тую ж брудную расейскую нафту Беларусь увогуле прыпыніла на некаторы час пастаўкі за мяжу.

У Крамлі ж не спяшаюцца з кампенсацыяй. З вуснаў Дзмітрыя Мядзведзева прагучала, што Расея можа выставіць Беларусі рахунак за страты звязаныя з шэрымі схемамі паставак разбаўляльнікаў у 2012 годзе.

Брудная нафта: Беларусь патрабуе ў Расеі кампенсацыі ўскосных стратаў

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары