Дзяўчыну нібыта згвалціў святар, а «праваслаўны псіхолаг» адгаварыў яе ісці ў суд


Чалец «Беларускай Асацыяцыі Лекараў» Канстанцін Яцкевіч распавёў у «Facebook’у» пра тое, як у 2013 годзе да яго звярнулася ахвяра гвалту. Паводле Яцкевіча, дзяўчыну згвалціў святар з пінскай епархіі (бацька траіх дзяцей).

Канстанцін Яцкевіч прапанаваў згвалтаванай дзяўчыне напісаць зварот да мітрапаліта, каб той вырашыў, што рабіць са святаром або проста забыць пра, тое што адбылося.

Наталля Васілевіч, дырэктар культурна-асветніцкага цэнтру «Экумена», апублікавала скрыншоты з падрабязнасцямі гэтай гісторыі.

На скрыншотах бачна, як Яцкевіч тлумачыць, чаму ён адгаварыў дзяўчыну ісці ў суд. Яцкевіч кажа, што дзяўчына звярнулася да «праваслаўнага псіхолага» і ён даў ёй параду «не выносіць спрэчкі паміж вернікамі на суд невярных, якія нічога не ведаюць пра Царкву».

Псіхолагу ўдалося адгаварыць дзяўчыну звяртацца ў суд.

Паводле Наталлі Васілевіч, Канстанцін Яцкевіч з’яўляецца «паплечнікам» былога кіраўніка выдавецтва Беларускага Экзархату Уладзіміра Грозава. У чэрвені ў Завадскім судзе Менску распачаўся працэс па ягонай справе. Грозава абвінавачваюць у нанясенні шкоды БПЦ на суму $ 625 000.

Ініцыятарам узбуджэння справы быў Мітрапаліт Павел, які падчас судовага паседжання ў ліпені заявіў, што гэта была памылка: «Сёння я разумею, што ўсе, хто супраць яго пісаў, былі зайздроснікамі».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў