Дзяўчыну білі нагамі, побач у лужыне крыві ляжаў чалавек. Беларус прыехаў дадому і апынуўся ў пекле


Валерый Самалазаў з ліпеня жыве і працуе ў Вялікай Брытаніі. У жніўні ён вырашыў паехаць дадому, каб сустрэцца з блізкімі, а заадно і прагаласаваць на выбарах. Чым абернецца гэтая паездка дадому, ён нават не падазраваў.

«Няхай КДБ разбіраецца, вязіце яго ў КДБ»

Я прыляцеў у Беларусь 2 жніўня. Амаль увесь час я знаходзіўся за горадам, дзе не ловіць тэлефон, быў ізаляваны ад усёй інфармацыйнай прасторы і не быў у курсе, што адбываецца.

9-га чысла, калі не было інтэрнэту, я пайшоў у менскі офіс сваёй кампаніі, папрацаваў і, калі стала зразумела, што горад перакрываюць, вырашыў, што паеду дадому на электрычцы. Інтэрнэт асабліва не працаваў, я не змог праверыць расклад і вырашыў, што гэта лёс: пайду ў цэнтр, пагляджу, што там адбываецца на свае вочы.

Каля чыгуначнага вакзала мне заступілі дарогу шэсць чалавек у чорным, яны літаральна мяне акружылі. Іх увагу прыцягнуў мой знешні выгляд. Улічваючы, што я быў за горадам, на мне былі такія паходныя штаны мілітары і чорная майка з чэрапам. Як потым высветлілася, гэта сімвал брытанскага спецназа. Яны спыталі, ці ведаю я, што азначае гэты сімвал, увогуле – то гэта сімвал фільма The Punisher. Гэта было стартавае пытанне, з якога яны пачалі прад’яўляць мне прэтэнзіі. Папрасілі паказаць пасведчанне, і я паказаў правы кіроўцы. На ўсе пытанні я адказваў ветліва, але яны ўсё роўна атачылі мяне, скруцілі і павялі ў аўтазак. Перад аўтазакам ударылі ў грудзі, вынялі ўсё з кішэняў і пасадзілі ў аўтазак. Усё гэта адбывалася каля чыгуначнага вакзала, дзе не было ніякіх акцый і мітынгаў. Я быў адзін, гэта нават адзінкавым пікетам назваць нельга.

Футболка, у якой быў Валерый падчас затрымання. Фота з асабістага архіва Валерыя Самалазава

 

Літаральна праз дзве хвіліны мяне адразу выкінулі з аўтазака. Яны адвялі мяне да суседняга будынка, загадалі раздуцца і стаць да сцяны. Пачалі збіваць, біць па галаве, забралі тэлефон, маім пальцам разблакавалі і адначасна задавалі пытанні з нагоды змесціва тэлефона. Яны шукалі нейкія телеграм-каналы, телеграм-чаты, а ў мяне нічога не было. У тэлефоне было практычна чыста. За выключэннем гісторыі званкоў. Яны яе правяралі і ўбачылі, што ўсе званкі былі ў Вялікую Брытанію – я ж толькі прыляцеў. Уласна вакол гэтага яны сталі будаваць падазрэнні, што я арганізатар і замежны шпіён. Плюс у мяне знайшлі брытанскія карткі, брытанскія фунты стэрлінгаў. Задавалі пытанні, хто я, што я, кім працую, адкуль, чаго. Я адказваў на іх пытанні. Мяне ні разу ў жыцці не затрымлівалі і было такое пачуццё, што цяпер яны ўсё правераць, пераканаюцца, што я мірны грамадзянін і адпусцяць.

Мaю прaвa
Былога міліцыянта забралі на Акрэсціна
2020.09.25 20:05

Але яны чакалі якога-небудзь галоўнага чалавека. Я потым ужо ў Інтэрнэце загугліў, хто гэта – гэта кіраўнік Завадскага РУУС Кіслоў Кірыл Станіслававіч. Ён быў у цывільнай вопратцы без маскі. Я, дарэчы, усіх, хто быў без масак загугліў і амаль усіх ідэнтыфікаваў. Ён прыходзіць, яны яму паказваюць мой тэлефон. Адзін з міліцыянтаў кажа, што вось фота бюлетэня за Ціханоўскую, у боце голасу прагаласаваў за Ціханоўскую і, уласна больш нічога на яго няма, падобна, пасажыр не наш. Ён пастаяў падумаў, кажа: “Няхай КДБ разбіраецца, вязіце яго ў КДБ”. Увогуле, я зразумеў, што адбываецца татальная памылка і цяпер будзе толькі горш.

Мaю прaвa
Звярыная жорсткасць: берасцейцу праламалі чэрап і распачалі супраць яго крымінальную справу
2020.10.16 19:05

Я б не хацеў акцэнтаваць увагу на гвалце, бо паводле людзей, усё гэта адбываецца прыблізна па адным сцэнары. Адзінае, што мяне лічылі арганізатарам і са мной звярталіся асабліва жорстка. Мяне вадзілі на допыт. Двух чалавек, якія былі на допыце, я ідэнтыфікаваў – яны следчыя крымінальнага вышуку. Двух іншых чалавек мне ідэнтыфікаваць не ўдалося, складана сказаць было, гэта КДБ ці не.

«Недалёка ад мяне ляжаў чалавек у лужыне крыві»

10 жніўня ўсе РУУС, усе турмы былі ўжо перапоўненыя і ўсю ноч я ляжаў на паркоўцы на зямлі разам з усімі. Перыядычна кагосьці білі, мяне яшчэ вадзілі на допыт. Жорсткія моманты былі. Падзялюся толькі некалькімі, якія дэманструюць асаблівы цынізм унутраных органаў. Там была дзяўчына 20 гадоў, яе клікалі Дыяна, яе таксама білі нагамі, калі яна ляжала на зямлі. Гэта значыць, чалавек са звязанымі рукамі ляжыць на зямлі, і яго абсалютна безабароннага б’юць нагамі. Недалёка ад мяне ляжаў чалавек, ён быў у лужыне крыві і перыядычна стагнаў. Чалавек, які быў бліжэй за ўсіх да яго, прасіў для яго дапамогі, казаў: выклічце яму хуткую, ён жа памірае. На што яму сказалі: гэта твой білет на свабоду – бяры яго, цягні за тэрыторыю і вы абодва тады вольныя. Ён узяў яго і пацягнуў за тэрыторыю, гэта цела, што стагнала і было без прытомнасці… яшчэ быў чалавек, у якога стала дрэнна з сэрцам, ён прасіў лекара і наглядчык вельмі гучна крыкнуў: “Лекара!” Падбеглі два чалавекі ў чорным і сталі біць яго дубінкамі. Гэта была дэманстрацыя для ўсіх нас, што клікаць лекара не варта. Калі мы ўжо сядзелі ў камеры, ён нам распавёў, што яго сталі біць, але потым сапраўды падбег доктар і сказаў, што сапраўды трэба аказаць дапамогу. Лекар адвёў яго ў машыну хуткай дапамогі, далі нейкія таблеткі, яму палягчэла і паклалі яго назад, але больш не чапалі.

Мяне асабіста катавалі. Мне пашкодзілі рукі. Пасля турмы я ляжаў два тыдні ў больніцы з чэрапна-мазгавой траўмай і траўмай рук. Рукі ў мяне да гэтага часу трасуцца, як у дзеда, бо мне іх пераціснулі сцяжкамі і я не адчуваў рук пад локаць, не мог імі рухаць. Рукі выкручвалі, такі ў іх метад катаванні.

Рукі пасля сцяжак. Фота з асабістага архіва Валерыя Самалазава
Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава
Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава

«Людзі ў чорным зробяць яшчэ больш балюча»

10 жніўня я заўважыў, што сярод міліцыянтаў былі і адэкватныя людзі. Рэальна адчувалася, што ім непрыемна рабіць тое, што яны рабілі. Такіх мне сустрэлася двое. У момант затрымання, калі мяне дапытвалі каля сцяны, калі толькі выцягнулі з аўтазака, быў адзін міліцыянт. Ён уважліва вывучыў змесціва тэлефона, паглядзеў усе фатаграфіі, усё-усё-усё, і ён пытаецца: «У цябе трое дзяцей? Трое маленькіх дзяўчынак? У цябе сабака? Якая ў цябе машына?» Гэта значыць, ён праявіў крытычнае мысленне, ён разумеў, што чалавек, у якога шмат дзяцей, не трымае ніякіх экстрэмісцкіх матэрыялаў тэлефоне, хутчэй за ўсё не з’яўляецца баевіком ці яшчэ кімсьці. Яны ж лічылі, што я замежны баявік-арганізатар. Вось менавіта ён быў тым чалавекам, які сказаў, што мяне трэба адпусціць, але яго ніхто не паслухаў. Гэтага ж міліцыянта я бачыў у Завадскім РУУС, ён быў начальнікам змены, якая за намі глядзела перад світаннем. Гэта была самая адэкватная змена, якая дазволіла схадзіць у туалет, якая дала папіць, яны нават паслабілі мне сцяжкі. Яны ўбачылі, што ў мяне ўжо сінія рукі.

Мaю прaвa
Студэнтку запрасілі на размову ў інстытут, а пасля гэтага напалі незнаёмцы і нацягнулі на галаву чорны мех
2020.11.20 19:05

Яшчэ нас пераводзілі з месца на месца і садысты ў чорным спецыяльна заломлівалі рукі ўверх, каб было вельмі балюча, а вось міліцыянты сімулявалі. Да мяне падышоў міліцыянт і зрабіў выгляд, што быццам бы мяне заломвае, але на самой справе не заламаў, а акуратна мяне ўзяў. Ён усім выглядам мне паказваў, каб я паказваў, што мне балюча, а то людзі ў чорным зробяць яшчэ больш балюча.

«Калі побач забіваюць чалавека, ты адчуваеш яго боль на сабе»

Людзі ў аўтазаку крычалі ад болю, людзі маліліся, людзі плакалі – дарослыя мужыкі. Кагосьці званітавала. Я два разы губляў прытомнасць, таму што мяне там прэсавалі больш за ўсіх.

Калі нас везлі ў Жодзіна, людзі ў чорным размаўлялі па тэлефоне. Адзін з іх размаўляў са сваёй дзяўчынай, тлумачыў ёй, дзе схаваў ключ ад кватэры, як трапіць у пад’езд, як адкрыць капот у машыне і памяняць абмывайку. У сацсетках людзі кажуць: «А давайце ўздзейнічаць на сілавікоў праз іх сваякоў, жонак і дзяўчат, каб яны ім данеслі інфармацыю». Якую да іх інфармацыю можна данесці? Нас забівалі ў гэтым аўтазаку! Дарослыя мужыкі крычалі, быў такі дзічэйшы ор, ад якога мароз па скуры, а ён спакойна размаўляў з дзяўчынай па тэлефоне і яна ўсё гэта чула. Ды калі ён на вячэру прынясе адсечаныя канечнасці, яна не міргнуўшы вокам з іх прыгатуе страву. Я не ведаю, які павінен быць узровень цынізму, каб спакойна працягваць гутарку, калі чуваць, як дарослыя мужыкі крычаць ад болю. Калі з табой побач забіваюць чалавека так, што ён губляе прытомнасць, ты адчуваеш яго боль на сабе. Сярод нас была дзяўчына Дыяна, яе ў аўтазак грузілі апошняй, а мы ляжалі на падлозе і па нас хадзілі людзі ў аўтазаку. Яна наступала на мяне і я адчуваў, як яна ўся дрыжыць.

«Я вярнуся, а вы падумайце, куды вы пабяжыце…»

Калі мы сядзелі ў турме, была вялікая імавернасць, што мне прышыюць крыміналку. Падчас пераклічкі называлі ўсе прозвішчы, акрамя майго, я маральна рыхтаваўся, што мяне закрыюць надоўга. Калі прыйшлі і сказалі ўсім на выхад, я не паверыў.

Фото Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава

Мяне сустракалі сваякі, сябры, калегі. Яны казалі, што мяне ператрымалі больш чым на суткі, парушылі кучу законаў, што іх можна засудзіць. Я думаў, Божа мой, каго засудзім? Там суддзі па локаць у крыві! Да іх прывозяць людзей напаўжывых, сініх, там хлопец быў без твару. І тым, у каго не было твару, давалі па 15 сутак спецыяльна, каб пабоі прайшлі. Якое правасуддзе?

Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава

Пасля турмы я ляжаў у шпіталі, адразу там я купіў квіток да Лондану. Гэтыя людзі ў балаклавах, якія б’юць людзей на вуліцы, прымусілі мяне пакінуць краіну і жыць у выгнанні. Тут я сяджу на беразе мора, пʼю прасекка і думаю, што калі-небудзь вярнуся. А вось куды вернуцца гэтыя людзі ў балаклавах? Іх тут ніхто не чакае. Іх чакаюць у Дагестане ляпіць цэглу без дакументаў за талерку рысу –гэта будучыня, якая іх чакае. Я-та вярнуся, а вы падумайце, куды вы пабяжыце…

АА belsat.eu

Стужка навінаў