Дзяўчынка з Украіны. Спецыяльны рэпартаж


Гэтай восенню Ганна Громава пайшла ў першы клас. Ейны шлях у школу быў даўжэйшым за той, што выпадае іншым дзецям. Глядзіце спецыяльны рэпартаж у праграме «ПраСвет».

Алена Галосій, мама Ганны:

– Адкуль ты прыехала?

Ганна:

– З Кіеву.

– А Кіеў у якой краіне?

– Ва Украіне.

Калі Ганна мела ўсяго годзік, яна патрапіла ў аўтакатастрофу. Наступствы аказаліся вельмі цяжкімі.

«Гісторыя з Ганнай – частка таго, чаму здарыўся Майдан. Дзяржава абсалютна не функцыянуе. Мы ехалі па зледзянелай дарозе, якой ніхто не займаўся. Праз гэта машыну занесла. Мы патрапілі ў шпіталь, у якім не было лекаў, мы звярнуліся да фірмы таксі – у кіроўцы не было права на гэтую працу, не было аніякай страхоўкі, нічога не было. Калі з намі ўсё гэта здарылася, ніхто, акрамя нашых сваякоў, нам не дапамагаў», – кажа Уладзімір Громаў, тата Ганны.

Жыццё Ганны выратавалі, але ёй нанова прыйшлося вучыцца хадзіць, карыстацца рукамі, гаварыць. Дзяўчынка практычна страціла здольнасць бачыць.

Мацей Пестшыньскі, адмыслоўца ў галіне тэрапіі зроку:

Вочы – толькі крыніца перадачы інфармацыі. А тое, як мы яе ўспрымаем, – гэта ўжо праца нашага мозгу. У Ганны гэтыя працэсы парушаныя.

Выпадак Ганны вельмі складаны. Бацькі цягам доўгага часу намагаліся зразумець, якім чынам ёй дапамагчы. Ці ёсць магчымасць аднавіць ейны зрок хоць часткова.

Алена Галосій, мама Ганны, кажа, што з такімі пашкоджаннямі вельмі цяжка справіцца:

– Медыцына яшчэ не цалкам вывучыла мозг і ўсе працэсы ў нашай галаве. Ніхто не быў у стане сказаць, што з Ганнай будзе далей. Нам даводзілася шукаць інфармацыю ў сеціве, і прыдумляць практычна самім рэабілітацыйную праграму. Мы былі ў Расеі, мы былі ў Нямеччыне. Мы аб’ехалі некалькі месцаў ва Украіне. Лекары не хацелі браць на сябе адказнасць, не хацелі рабіць прагнозы, не былі ў стане сказаць, ці можна нешта зрабіць, – працягвае Уладзімір.

Сям’я Ганны любіла адпачываць у Крыму. Яны балі там незадоўга перад анексіяй. Ніхто не мог тады нават уявіць, што гэтая паездка будзе апошняю.

Пасля чатырох гадоў пошукаў бацькі Ганны даведаліся пра цэнтр для дзяцей з парушэннямі зроку, які месціцца ў Польшчы, у вёсцы Ляскі. Уладзімір спадзяецца, што знаходжанне там магло даць шанц на аднаўленне зроку ды нармальнае жыццё.

– Калі Майдан скончыўся, нам падавалася, што горшае ўжо за намі, што самае дрэннае ўжо здарылася: загінулі людзі, адбыліся баі ў цэнтры гораду, нічога больш жудаснага нельга было ўявіць. І тут пачынаецца гэтая вайна. Пуцін аб’яўляе манеўры стотысячнага войска на мяжы з Украінаю. Калі ён рушыць цераз мяжу, то ніхто яго не спыніць. Штодня мы прачыналіся, не ведаючы, што нас чакае, а калі мы паехалі ў Польшчу, не маглі ўявіць сабе, чым нашая паездка скончыцца. Ці мы вернемся, ці ўбачым наш дом, нашых родных…

У Лясках Ганна пайшла ў адмысловы дзіцячы садок, дзе ўсё арганізавалі так, каб дапамагаць такім дзеткам, як яна.

– Не ведаю, як цяпер, але былі часы, калі ў Кіеве ў адным класе быў толькі адзін падручнік для слабавідучшых, распавядае мама Ганны. – І дзеці біліся, бо кніжак на ўсіх не хапала. А тут, у Лясках, яна мае індывідуальную праграму, кожны падручнік можна надрукаваць буйным шрыфтам, альбо шрыфтам Брайля. Нам нялёгка далося рашэнне з’ехаць, пакінуць нашую краіну, асабліва ў такія часы. Але хацелася зрабіць для свайго дзіцяці ўсё магчымае.

Уладзімір Громаў, тата Ганны:

– Як правіла, ты жывеш у краіне, краіна – асобна, ты – асобна. Але цяпер ва Украіне ёсць такое адчуванне, што там можа нешта змяніцца, што ты сам можаш зрабіць нешта добрае на сваім месцы.

Алена Галосій, мама Ганны:

– Ці ты сумуеш па Украіне?

Аня:

– Вядома, па Паўлічку.

– А хто гэта Паўлічак?

– Дзядуля.

Дзяўчынцы яшчэ шмат чаму мусіць навучыцца, але хочацца верыць, што галоўныя цяжкасці засталіся ў мінулым. А яшчэ нядаўна ў Ганны нарадзіўся брат. Для яе гэта сталася велізарнай падзеяй.

belsat.eu

Стужка навінаў