Дзяўчына загінула 20 гадоў таму, а бацькам дасылаюць лісты, каб яна памяняла пашпарт


Бацькі Алы Мельнікавай, якая загінула 20 гадоў таму падчас трагедыі на Нямізе, да гэтага часу атрымліваюць лісты на яе імя з боку дзяржавы. Апошняй кропляй цярпення стала паведамленне, што Ала павінна з’явіцца ў мясцовы выканкам, ды распавесці пра сваё працаўладкаванне, іначай будзе залічаная ў дармаедскую базу.

Зінаіда Губская, маці Алы, кажа, што цягам гэтых 20 гадоў яна і раней атрымлівала лісты, але галоўным чынам з пашпартнай службы. У пэўны момант жанчына не вытрымала і патэлефанавала ва ўстанову.

«Я папрасіла, каб нам перасталі дасылаць лісты, бо дзіцяці майго няма ўжо 20 гадоў. Што гэта такое? Там папрасілі прабачэння і сказалі, што перададуць па інстанцыі і нас болей ніхто ніколі не будзе турбаваць. Але летась мы атрымалі два лісты, якія дасылаюцца беспрацоўным. Запрашалі для працаўладкавання. А вось цяпер прыйшоў такі ліст. І гэта нягледзячы, што нам абяцалі, што не будуць болей турбаваць», – абураецца Зінаіда Губская.

Жанчына лічыць, што ў такіх выпадках службы абавязаныя высвятляць акалічнасці і тэлефанаваць, а не весці ліставанне.

«Падаецца, што гэта простая вельмі справа. Нават дастаткова паглядзець у жыроўкі, там жа занатавана, што прапісаныя ў кватэры дзве асобы. Я проста не ведаю», – кажа Зінаіда Губская.

Жанчына адзначае, што есць даведка аб смерці дзяўчыны. А раз есць даведка, значыць, звесткі маюцца і ў адказных службаў.

У выніку бацькі памерлай дзяўчыны звярнуліся да праваабаронцаў за парадай. Але апынулася, што такая праблема актуальная не толькі для іх.

«Чалавека няма на свеце ўжо 20 гадоў. Я лічу, што такія лісты прыходзяць не выпадкова. Справа ў тым, што сістэма трымае ўсіх «памерлых душ» у кампутары для пэўных мэтаў. Магчыма, для выбараў, каб паказаць яўку. Бо калі б хацелі выдаліць звесткі пра чалавека, то зрабілі б гэта яшчэ ў 1999 годзе. Пашпартны стол заўсёды паведамляе ў сацыяльны службы, што чалавека памер. А ў гэтым выпадку проста блюзнерства, паведамляць бацькам каб іх дзіця прыйшло ў выканкам і распавяло пра працаўладкаванне. Такім лісты атрымліваў і Юрый Захаранка, які знік у 1999 годзе. Ды і іншых прыкладаў вельмі шмат», – распавёў «Белсату» праваабаронца Алег Волчак.

Зінаіда Губская сапраўды ўзгадвае, што першыя выбары, пасля таго, як не стала дачкі, яна яшчэ была ў выбарчых спісах. Але ў апошнія выбары, то хіба ўжо не было.

«Нам хочацца, каб проста пакінулі нас у спакоі і не чапляліся. А па-другое, хочацца, каб папрасілі прабачэння за такое стаўленне», – кажа спадарыня Зінаіда.

Ала Мельнікава – адзіная дачка Зінаіды Губскай. Дзяўчына адвучылася ў медычным інстытуце, год адпрацавала пасля навучання. Яна была добрым лекарам. Муж Зінаіды пасля гібелі дачкі перанёс інсульт, павышаны цукар у крыві.

«20 гадоў прайшлі вельмі хутка. Першы час мы ледзь не кожны дзень наведвалі могілкі. Плакалі, размаўлялі з дзіцем там. Але пазней нам параілі, каб не турбавалі так часта нябожчыцу. Ды і наагул, ведаеце, кожнае наведванне магілы дзіцяці каштуе здароўя. Боль не сыходзіць. Прыходзіцца супакойвацца потым доўга. Гэта адзіная дачка, анёл наш. Гэта жахліва. У нас усё жыццё цяпер падзялілася на »да« і »пасля«, – скрушліва адзначае Зінаіда Губская.

Жанчына кажа, што кожны ліст з боку дзяржаўных службаў выклікае новую хвалю болю, адбівацца гэта не толькі на псіхалагічным стане, але і на фізічным, паколькі пажылыя людзі вымушаныя збіваць ціск, браць лекі, каб супакоіцца.

Аб’ектыў
Мёртвыя душы ў выбарчых спісах
2015.10.08 22:31

СК belsat.eu

Стужка навінаў