Дзяўчына, якая загінула 20 гадоў таму ў цісканіне на «Нямізе», трапіла ў базу дармаедаў


Ала Мельнікава загінула на станцыі метро «Няміга» ў цісканіне ў 1999 годзе – але праз 20 гадоў дзяўчына раптам апынулася ў базе дармаедаў. Яе маці звярнулася ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, і пасля гэтага дзяўчыну выключылі з спісу і папрасілі прабачэння ў роднымі. Пра гэта паведамляе FINANCE.TUT.BY.

Памерлай Але Мельнікавай ужо не ў першы раз прапаноўвалі «куды-небудзь з’явіцца« і »што-небудзь зрабіць».

«На працягу 20 гадоў сямʼі загінулай прыходзілі лісты то з выканкаму, то з органаў унутраных справаў, – распавядае праваабаронца Алег Волчак, які дапамагае сямʼі дзяўчыны. – То на нейкі ўлік трэба было стаць, то пашпарт памяняць. А калі зʼявіўся дэкрэт № 1 «Аб садзейнічанні занятасці», памерлай Але прапанавалі прыйсці і расказаць, дзе яна працуе».

Па словах праваабаронцы, мама і тата дзяўчыны – простыя людзі, тэлефанавалі, тлумачылі, што іх дачкі ўжо даўно няма, лаяліся. Чыноўнікі ўсё абяцалі прыбраць дзяўчыну з базы не занятых у эканоміцы. Але потым усё паўтаралася.

Бацькі напісалі ліст на імя міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч. Прыклалі да яго пасведчанне аб смерці, лісты, якія прыходзілі. І папрасілі выдаліць Алу з базы.

Калі правялі службовую праверку, якім чынам дзяўчына трапіла ў спісы не занятых у эканоміцы, высветлілася, што яна да гэтага часу лічылася жывою. З якой прычыны гэтак адбылося – невядома. Аднак пасля ліста на імя міністра Алу ўсё ж выключылі з базы і папрасілі прабачэння.

ВІДЭА
«Сляды рук на сцяне – а потым нічога няма». 20 гадоў трагедыі на Нямізе
2019.05.30 09:29

КА belsat.eu

Стужка навінаў