Дзясяткі тысяч чэхаў патрабуюць адстаўкі прэм'ера з-за махлярства


Дэманстранты патрабуюць адстаўкі Бабіша. Фота REUTERS/David W Cerny/

Прыблізна 120 тысяч дэманстрантаў выйшлі на Вацлаўскую плошчу Прагі з патрабаваннем адстаўкі Андрэя Бабіша, падазраванага ў канфлікце інтарэсаў, паведамляе «Reuters».

Паводле ацэнкі арганізатараў, гэтая акцыя пратэсту можа стацца адною з найбуйнейшых з 1989 года, калі падчас Аксамітнай рэвалюцыі прэзідэнтам ЧССР абралі праваабаронцу Вацлава Гавэла.

Людзі выйшлі з плакатамі «Сыходзь». Пратэсты супраць Бабіша ўзмацніліся ў канцы красавіка. Яго вінавацяць у махлярстве пры размеркаванні субсідыяў Еўразвязу. ЕЗ можа запатрабаваць вярнуць да € 17,4 млн, выдадзеныя фірмам, якія звязаныя з Бабішам.

Паліцыя заявіла, што палітык павінен паўстаць перад судом. Пратэстоўцы баяцца, што новая міністарка юстыцыі Чэхіі Мар’е Бэнэшава можа ўмяшацца ў справу, таму патрабуюць і ейнай адстаўкі.

Былы камуніст Андрэй Бабіш – другі ў спісе найбагацейшых грамадзянаў Чэхіі. Ён прыйшоў да ўлады ў 2017 годзе на чале папулісцкай партыі ANO. Палітык адмаўляе абвінавачанні, называючы іх «бруднаю хлуснёй», а справу – палітычна матываванаю.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў