Дзясяткі мусульманаў прыйшлі на дзень жалобы і памерлі


10 верасня 2019 г. Кербала (Ірак). Мужчыны нясуць пацярпелага падчас цісканіны ў Кербале. Фота: Reuters

Мінімум 31 чалавек загінуў у іракскім горадзе Кербала (100 км ад Багдаду) у цісканіне ў «дзень жалобы», паведамляе «Reuters».

Інфармацыйнае агенцтва таксама паведамляе пра амаль 100 параненых. Мяркуецца, што інцыдэнт адбыўся праз абрушэнне пешаходнага моста, на якім знаходзілася шмат людзей. Паводле мясцовых уладаў, загінулі 16 асобаў.

У дзень Аушура (дзень жалобы) мусульмане-шыіты памінаюць шыіцкіх пакутнікаў, перш за ўсё Хусейна ібн Алі. Ён жыў на Блізкім Усходзе ў сярэдзіне VII стагоддзя і загінуў непадалёк Кербалы падчас бітвы з войскам халіфа Язіда I.

Ягоная грабніца ў Кербале стала аб’ектам паломніцтва шыітаў, а дзень гібелі Хусейна адзначаецца як «дзень жалобы».

ЮВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары