Дзясяткі калонаў у Менску і акцыі ў рэгіёнах: як прайшоў Марш суседзяў


Грушаўка гуляе. Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

29 лістапада ў Беларусі адбыліся Маршы суседзяў. Як і мінулаю нядзеляю, акцыя прайшла ў абноўленым фармаце – замест таго каб сабрацца ў цэнтры Менску, дэманстранты хадзілі калонамі па сваіх раёнах.

З самай раніцы ў Менску былі зачыненыя цэнтральныя станцыі метро і адключаны мабільны інтэрнэт. Праблемы з інтэрнэтам таксама былі ў Горадні. На цэнтральныя плошчы і ў раёны выбылі сілавікі са спецтэхнікай.

Тым не менш, у розных мікрараёнах Менску адбыліся дзясяткі шэсцяў пратэсту. Найбольшыя з іх прайшлі ў Дамброўцы, на вуліцах Жыновіча-Матусевіча, на Паўднёвым Захадзе, ва Уруччы і на Партызанскім праспекце.

Сілавікі разганялі і затрымлівалі людзей, але шэсці ўтвараліся зноў, часам на суседніх вуліцах.

Падчас разгону некаторых жорстка білі, у некалькіх выпадках сілавікі ўжылі газ, у Бараўлянах – святлошумавыя гранаты, былі чуваць стрэлы ў Зялёным Бары і Уруччы. Але людзі не заўсёды разыходзіліся ды адбівалі затрыманых.

Акцыі пратэсту адбыліся таксама ў Берасці, Горадні, Заслаўі, Бабруйску, Магілёве, Віцебску, Жодзіне, Смалявічах, Дзяржынску, Бараўлянах, Радашковічах, Ляхавічах, іншых гарадах і пасёлках.

Удзельнікі маршу ў мікрараёне Грушаўка. Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

На гэты час валанцёрам вядомыя прозвішчы 157 затрыманых, праваабаронцы паведамляюць пра 133-х. Сярод іх сябра Каардынацыйнай рады Дзмітрый Крук, дырэктарка праваабарончай арганізацыі Lawtrend Вольга Смалянка, журналісты Максім Хлябец і Станіслаў Коршунаў і іншыя. Большая частка затрыманых у Менску, таксама затрымлівалі ў Ляхавічах, Жодзіне, Бараўлянах, Лясным, Віцебску, Горадні, Лідзе.

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Галоўныя патрабаванні з якімі ўжо 113-ы дзень беларусы выходзяць на вуліцы – гэта адстаўка Аляксандра Лукашэнкі з паста кіраўніка краіны, вызваленне палітычных зняволеных з турмаў і спыненне міліцэйскага гвалту.

МГ belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Стужка навінаў