Дзясяткі берасцейскіх семʼяў дзяжураць дзень і ноч пад плотам гімназіі


Берасцейцы збіраюцца каля першай гімназіі каб запісаць дзяцей у якіх няма патрэбнай для паступлення рэгістрацыі. Фота belsat.eu

Больш за 60 чалавек з вечара 9 чэрвеня ўтварылі жывую чаргу пад плотам берасцейскай гімназіі № 1 і дзяжураць трэція содні запар. Бацькі хочуць, каб дзеці вучыліся менавіта ў гэтай навучальнай установе.

Паводле берасцейцаў, гэта адна з найлепшых навучальных установаў гораду, тут выдатныя настаўнікі, і вучыцца ў гімназіі – вельмі прэстыжна. На просьбу паразмаўляць бацькі будучых навучэнцаў гімназіі рэагуюць вельмі нервова і просяць іх не здымаць, а каментары даюць пераважна ананімна.

Я прафесійны педагог і магу даць ацэнку ўзроўню адукацыі

«Вельмі хачу, каб дачка ў гэтай гімназіі вучылася. Я сам прафесійны педагог і магу даць ацэнку ўзроўню адукацыі па ўсім горадзе, што і дзе адбываецца ў школах. Зрабілі выбар на карысць гэтай гімназіі, тым больш недалёка тут жывем, і будзе зручна дабірацца сюды. Каб трапіць у гімназію, трэба адстаяць жывую чаргу, падаць дакументы і дачакацца рашэння камісіі па адборы», – кажа наш суразмоўца Аляксандр і дадае, што дзеля дачкі гатовы пастаяць некалькі дзён.

Бацькі адзначаюць, што гэта лепшая школа ў горадзе. Фота belsat.eu

Жанчына, што адмовіліся назваць сваё імя, кажа, што тут у асноўным бацькі будучых пяцікласнікаў, усяго ў спісе больш за 60 чалавек. Тых, хто не прыходзіць на пераклічкі, са спісу выкрэсліваюць.

«50 чалавек трапяць у гімназію паводле прапіскі, а яшчэ чалавек сорак – у каго няма прапіскі ў гэтым раёне – па чарзе, вось мы і хочам быць у ліку гэтых першых. Таму і сядзім у чарзе. На наш погляд, гэта годная навучальная ўстанова. Былі б іспыты, было б усё проста: здаў – прайшоў. Цяпер усё цяжка», – падводзіць рысу ў размове з «Белсатам» маці будучай пяцікласніцы.

Чарга пад школьным плотам прыцягвае ўвагу мінакоў. Бацькі адзначаюць, што гэта лепшая школа ў горадзе. Фота belsat.eu

Усе папярэджаныя

Адная са «старажылаў» чаргі збірае вакол сябе людзей і робіць абвестку: «Усе папярэджаныя: дысцыпліна – перш за ўсё. Хто сыходзіць, аўтаматычна сыходзіць з чаргі. У нас жывая чарга, мы дзяжурым з дзявятага», – і патрабуе ў журналістаў «Белсату» неадкладна прыбраць дыктафон.

Бабуля заняла чаргу, каб яе ўнучка атрымала шанец патрапіць у першую гімназію. Чарга пад школьным плотам прыцягвае ўвагу мінакоў. Бацькі адзначаюць, што гэта лепшая школа ў горадзе. Фота belsat.eu

Такая сітуацыя назіраецца ўжо другі год запар – пасля таго, як Лукашэнка 25 студзеня 2018 года падпісаў указ № 30 «Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучанні ў іх». Дакумент вызначае, што набор у 5-я класы гімназіі ажыццяўляцца без правядзення ўступных выпрабаванняў. Такім чынам, магчымасць трапіць у гімназію атрымалі ўсе ахвотныя. Раней у гімназіі вучыліся толькі тыя, хто добра здаў іспыты.

АА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары