Дзяржваенпрам: Беларускія спецыялісты не былі ахвярамі ізраільскага ўдару ў Сірыі


Беларускіх спецыялістаў не накіроўвалі ў Сірыю. Такім чынам, яны не маглі стаць ахвярамі суботняга ізраільскага авіяўдару. Пра гэта заявілі «Белсату» прадстаўнікі Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту і амбасады Беларусі ў Сірыі.

«Ніякіх спецыялістаў Белзнешпрамсервіса туды не накіроўвалі. Гэта на сённяшні дзень проста ўкід», – сказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэту ваенннай прамысловасці Ігар Дземідзенка.

Нічога не ведае пра тое, што беларусы загінулі ў Сірыі і амбасада Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне.

«У амбасады няма такой інфармацыі», – сказаў супрацоўнік установы.

Ізраільскі авіяўдар па даследчым цэнтры ў сірыйскім горадзе Масьяф, які адбыўся 13 красавіка, быццам бы прывёў да гібелі некалькіх беларускіх спецыялістаў па ракетнай тэхніцы, напісаў у нядзелю ізраільскі сайт са спасылкай на крыніцы ў разведцы.

Фатаздымкі месца ізраільскай бамбёжкі перад і пасля ўдара. Фота ImageSat International

Акрамя беларусаў, якія працавалі ў буйным прамыслова-даследчым комплексе, загінула некалькі паўночна-карэйскіх інжынераў, паведамілі крыніцы.

Згодна з інфармацыяй, якую далі крыніцы, беларусы працавалі па замове сірыйскай Арганізацыі тэхналагічнай прамысловасці, асноўная мэта якой – парушэнне міжнароднага эмбарга на пастаўку сучаснай ваеннай тэхнікі войскам дыктатара Башара Асада. Беларусаў звязалі з дзяржаўным прадпрыемствам Белзнешпрамсервіс, якая мае за мэту спрыянне экспарту прадукцыі беларускага ваенна-прамысловага комплекса.

Ізраіль не паведамляў афіцыйна пра дзеянні сваёй авіяцыі. Тэлебачанне Асада ў суботу заявіла, што паветраная абарона Сірыі перахапіла некалькі ракет, якія «накіроўваліся да адной з нашых вайсковых пазіцый каля гораду Масьяф». Згодна з афіцыйнымі сірыйскімі дадзенымі, у выніку бамбёжкі тры чалавекі былі параненыя.

Сайт Debka file быў арганізаваны камандай ізраільскіх журналістаў у 2000 годзе як незалежны партал для навінаў у сферы разведкі і бяспекі.

Ігар Кулей, Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў