Дзяржсакратар ЗША: Мадура быў гатовы ўцячы з Венесуэлы, але яго спынілі расейцы


Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэёў заявіў, што Нікаляс Мадура на фоне моцных антыўрадавых пратэстаў быў гатовы збегчы з краіны, але пад ціскам Масквы застаўся.

«Ягоны самалёт стаяў у аэрапорце, як я разумею, ён гатовы быў з’ехаць сёння раніцай, але рускія далі зразумець, што ён павінен застацца», – сказаў Пампэёў ў інтэрвʼю CNN 30 красавіка.

Таксама, паводле Пампэёў, трое набліжаных Мадура спачатку пагадзіліся з довадамі апазіцыі аб неабходнасці сыходу прэзідэнта, але затым адмовіліся ад сваіх словаў.

Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан сцвярджае, што адзін з гэтых чыноўнікаў – міністр абароны Уладзімір Падрына – на працягу трох месяцаў вёў перамовы з апазіцыяй. Аднак напярэдадні Падрына ў асяроддзі вайскоўцаў зʼявіўся ў тэлеэфіры з заявай аб падтрымцы Мадура.

Таксама Болтан назваў галоўнага суддзю Вярхоўнага суда і начальніка прэзідэнцкай аховы – усе яны нібыта пагадзіліся на «мірную перадачу ўлады ад шайкі Мадура» Гуаідо.

«Усе былі згодныя, што Мадура павінен сысці», – сказаў Болтан.

ВІДЭА
Пратэст у Каракасе: вайскоўцы машынамі давяць людзей. Відэа
2019.04.30 22:20

30 красавіка Хуан Гуаідо апублікаваў відэа, запісанае базе ваенна-паветраных сілаў краіны. На запісе ён заявіў, што вайскоўцы «прынялі правільнае рашэнне», перайшлі на ягоны бок і гатовыя змагацца з урадам Мадура. Ён абвясціў пра пачатак «апошняга этапу» звяржэння Нікаляса Мадуры. У адказ Мадура ў тэлезвароце паабяцаў задушыць спробу дзяржаўнага перавароту, нягледзячы на тое, што апазіцыю падтрымліваюць ЗША.

  • Венесуэла перажывае зацяжны эканамічны крызіс, які стаў вынікам палітыкі Нікаляса Мадура. У краіне гіперінфляцыя, людзям не хапае ежы і лекаў, сотні тысяч венесуэльцаў эмігравалі. У канцы 2018 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх зноў перамог Мадура. Аднак апазіцыя і большасць краінаў Лацінскай Амерыкі перамогу Мадура не прызналі, бо не лічылі выбары свабоднымі і справядлівымі.
  • 23 студзеня старшыня парламенту Венесуэлы Хуан Гуаідо заявіў аб адхіленні Нікаляса Мадура ад пасады прэзідэнта. Яго прызналі часовым кіраўніком Венесуэлы ЗША, амаль усе дзяржавы Паўднёвай Амерыкі і многія еўрапейскія краіны.

ІІ belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

 

 

Стужка навінаў