Дзяржсакратар Майк Пампэа сустрэўся з Віталём Шкляравым і ягонаю сям’ёй


Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа сустрэўся з паліттэхнолагам Віталём Шкляравым, які тры месяцы правёў у СІЗА ў Менску. Вызвалілі Віталя ў кастрычніку намаганнямі Дзярждэпу ЗША.

Майк Пампэа сустрэўся з Віталём Шкляравым і ягонаю сям’ёй.
Фота: Twitter

Здымак з сустрэчы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША апублікаваў у Twitter. Ён адзначыў высілкі вялікай каманды амерыканскіх дыпламатаў Менску і Кіева ў вызваленні Шклярава, а таксама падтрыманне сям’і палітвязня.

Дэталі сустрэчы Пампэа і Шклярава не прыводзяцца.

На фота, відавочна, акрамя Шклярава і Пампэа, – жонка Віталя, працаўніца Дзярждэпу ЗША Хезэр Шклярава ды іхныя дзеці.

Грамадзянін ЗША і Беларусі Віталь Шкляраў быў затрыманы 29 ліпеня ў Гомлі, куды прыехаў наведаць маці. Яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Шклярава, у прыватнасці, падазравалі ў тым, што ён працаваў паліттэхнолагам блогера Сяргея Ціханоўскага, які быў затрыманы паводле гэтага самага артыкулу 29 траўня.

10 кастрычніка Шкляраў прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ, а праз шэсць дзён яму змянілі меру стрымання на хатні арышт.

24 кастрычніка дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа ў тэлефоннай размове з Лукашэнкам заклікаў вызваліць Шклярава.

27 кастрычніка стала вядома, што Шкляраў пакінуў Беларусь. Яго крымінальная справа не прыпыненая і не закрытая.

Пасля вызвалення Шкляраў даў рэзананснае інтэрв’ю «Эхо Москвы», дзе кампліментарна выказаўся наконт Аляксандра Лукашэнкі.

«Ён неверагодна разумны і ўсё выдатна разумее. Ён адвязаны, яму нікуды не трэба спяшацца, ён апошні з магікан», – сказаў палітолаг, адказваючы на пытанне, ці разумее Лукашэнка, што адбываецца ў краіне, у тым ліку пратэсты. «Ён плотны, моцны мужык», – дадаў ён.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў