Новыя забароны ў Расеі падштурхнуць купляць гэджэты ў Беларусі?


Расейская Дзярждума прыняла закон, які забараняе прадаваць «асобныя віды тэхнічна складаных тавараў» без расейскага праграмнага забеспячэння. Ці азначае гэта, што цяпер расейцы будуць набываць больш гаджэтаў у Беларусі, дзе на смартфонах дазволена ўсталёўваць замежныя прыкладанні?

Пералік тавараў, якія падпадаюць пад забарону, вызначыць расейскі ўрад. Аўтары закона раней казалі, што гаворка ідзе пра тэлефоны, камп’ютары і smart-тэлевізары.

Ілюстрацыйны здымак. Фота belsat.eu

Аўтары ініцыятывы адзначалі, што закон закліканы абараніць інтарэсы расейскіх IT-кампаній і «скараціць колькасць злоўжыванняў з боку буйных замежных кампаній».

Закон уступае ў сілу з 1 ліпеня 2020 года.

Паўторыцца эфект санкцыйных крэветак?

Мы пацікавіліся ў IT-блогера, аўтара тэлеграм-каналу «Калонка некодэра» Сяргея Лаўрыненкі, чым абумоўлены гэты закон і наколькі верагодна, што цяпер расейцы будуць масава купляць гаджэты ў Беларусі.

«Людзей у Расеі хочуць прымусіць карыстацца мэсенджарамі, поштай, прыкладаннямі расейскай вытворчасці, бо іх распрацоўнікі падпарадкоўваюцца мясцовым законам. Бо ёсць закон, які прымушае іх захоўваць дадзеныя на серверах у Расеі, а ў дзяржавы ёсць зацікаўленасць мець да ўсіх гэтых дадзеных доступ. Гэта ўсё, натуральна, падкантрольна расейскім спецслужбам», – кажа ён.

На думку эксперта, новы закон наўрад ці будзе мець поспех, бо людзі не схільныя да таго, каб змяняць прыкладанні, якімі прызвычаіліся карыстацца.

«Я не думаю, што расейцы паедуць набываць нейкія гэджэты адмыслова ў Беларусі, бо ніякай складанасці ў пераўсталёўцы прыкладанняў няма. У фармулёўцы, у якой прынятае рашэнне, не гаворыцца, што праграмнае забеспячэнне нельга выдаліць або нельга карыстацца іншым», – мяркуе IT-спецыяліст.

Паводле Лаўрыненкі, новы закон створыць нязручнасці для вытворцаў тэхнікі і для яе рэалізацыі, бо раней можна было прадаць «голы» гэджэт, без аніякага забеспячэння, а цяпер давядзецца адмыслова ўсталёўваць расейскія праграмы.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары