Дзярждэп ЗША апублікаваў дэкларацыю пра Крым і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны


Расея праз сваё ўварванне ў Украіну і спробу анексіі Крыму імкнулася падарваць ключавы прынцып міжнароднага права – аніводная краіна не мае права мяняць межы іншай краіны сілай. Пра гэта гаворыцца ў «Крымскай дэкларацыі», апублікаванай на сайце Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.

Дзяржавы свету, у тым ліку Расея, дамовіліся падтрымліваць гэты прынцып, які быў зацверджаны ў Статуце ААН і з’яўляецца адным з падмуркаў сусветнай бяспекі, адзначае вонкавапалітычнае ведамства ЗША.

Расейскія войскі без апазнавальных знакаў сілай узялі пад кантроль украінскі Крым у першыя дні вясны 2014 года, пасля якога быў праведзены так званы «рэферэндум», які не адпавядаў украінскаму заканадаўству. 18 сакавіка 2014 года Масква афіцыйна абвесціла, што ўключае Крым у склад РФ.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў у Крыме 9 сакавіка 2014 года. Крыніца wikipedia.org

Адпаведна з гэтым ЗША, гаворыцца ў дэкларацыі, адмаўляецца прызнаць права Крамля на суверэнітэт над тэрыторыяй, якая была захопленая сілай насуперак міжнароднаму праву.

Дакумент згадвае ў гэтай сувязі так званую «Дэкларацыю Ўэлса» 1940 года, згодна з якой ЗША асудзілі і не прызналі анексію камуністычнай Масквой Латвіі, Літвы і Эстоніі. Дэкларацыя Ўэлса заставалася ў сіле да 1991 года, калі краіны Балтыі аднавілі сваю незалежнасць.

Эфект міжнародных санкцый – расейскі дзяржаўны «Сбербанк» працуе ў украінскім Мікалаеве, але не мае аддзяленняў у «расейскім» Крыме. Крыніца wikipedia.org

«Разам са сваімі хаўруснікамі, партнёрамі і міжнароднай супольнасцю Злучаныя Штаты не прызнаюць спробу анексіі Крыму і абяцаюць трымацца гэтай палітыкі да аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

Расея ў дадзеным выпадку дзейнічала непрыстойным для вялікай дзяржавы шляхам і сама сябе ізалявала ад міжнароднай супольнасці, кажа дакумент, які быў падпісаны Дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампэёў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў