Дзярждэп асудзіў рашэнне Расеі выдаваць пашпарты жыхарам «ЛДНР»


Злучаныя Штаты асуджаюць рашэнне прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна пра паскоранае прадстаўленне расейскага грамадзянства ўкраінцам, якія пражываюць у кантраляванай Расеяй усходняй Украіне.

Пра гэта ідзе гаворка ў заяве Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША.

«Расея з дапамогай гэтай вельмі правакацыйнай акцыі ўзмацняе нападкі на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», – гаворыцца ў заяве.

У Дзярждэпе падкрэслілі, што рашэнне Пуціна стварае сур’ёзную перашкоду для рэалізацыі Менскіх пагадненняў і рэінтэграцыі рэгіёну. Там нагадалі, што Менскія пагаднення, падпісаныя Расеяй, патрабуюць поўнага аднаўлення кантролю ўкраінскага ўрада над усходняй Украінай.

У знешнепалітычным ведамстве ЗША адзначылі, што гэта адбылося ўсяго праз тры дні пасля таго, як украінскі народ абраў Уладзіміра Зяленскага наступным прэзідэнтам.

«Абраны прэзідэнт Зяленскі неаднаразова выказваў сваю гатоўнасць сурʼёзна ўзаемадзейнічаць з Расеяй для выканання Менскіх пагадненняў і спынення канфлікту на ўсходзе Украіны, у выніку якога загінула каля 13 000 чалавек. Цяпер Расея павінна вырашыць, ці хоча яна працягваць эскалацыю напружанасці або выконваць свае менскія абавязацельствы», – гаворыцца ў заяве Дзярждэпа.

24 красавіка Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным парадку атрымання расейскага грамадзянства для жыхароў акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Hавiны
Крэмль спрасціў атрыманне расейскіх пашпартоў для жыхароў ЛНР і ДНР
2019.04.24 18:08

КА belsat.eu

Стужка навінаў