Дзяржава vs Царква?

Мінулі галоўныя зімовыя хрысціянскія святы. І каталікі, і праваслаўныя хутка адыдуць ад святочнай эйфарыі ды вернуцца ў суворую беларускую рэальнасць. Як і Касцёл з Царквою. Бліжэйшая будучыня пакажа, наколькі гэтая рэальнасць будзе міласцівая і добразычлівая. І перад пастваю, і перад правадырамі ў 2021 годзе яна паставіць шмат прынцыповых пытанняў.

Падаецца, што Касцёл для нашай дзяржавы заўсёды быў «малодшым нялюбым сынам». Магчыма, праз тое, што за яго спінаю беларускім кіраўнікам бачыліся міражы «злых палякаў» ды іншыя прадстаўнікоў «памаранчавай» Еўропы.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў – 2020 нечакана для ўладаў даволі шмат прадстаўнікоў і праваслаўя, і каталіцызму адкрыта выказаліся супраць хлусні ды гвалту на вуліцах. Некаторыя нават адсядзелі за свае погляды. Аднак самы моцны ўдар па «нядобранадзейным» Касцёле нанеслі 31 жніўня, калі галаву ўсіх беларускіх каталікоў, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь праз польска-беларускую мяжу. У паветры павісла напружанасць. Пытанне трэба было развязваць, і ўлады пайшлі на кампраміс з Ватыканам. Арцыбіскуп-«апазіцыянер» Кандрусевіч вяртаецца ў Беларусь, каб сысці на пенсію, а галавою беларускіх каталікоў становіцца новы чалавек – біскуп Казімір Велькаселец. І падаецца, што ўсё зроблена як трэба, аднак некаторыя адмыслоўцы падкрэсліваюць, што не так усё адназначна, бо «біскуп Велькаселец валодае жорсткім характарам і будзе нялёгкім партнёрам для рэжыму».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сыходзіць на пенсію. 3 студзеня, у дзень, калі Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму споўнілася 75 гадоў, Папа Рымскі Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў Адміністратара архідыяцэзіі. Імша 3 студзеня 2021 году.
Фота: ЛП / Белсат

Вось з Беларускаю праваслаўнаю царквой да выбараў усё складвалася значна цяплей і ўтульней для гэтага самага рэжыму. І мітрапаліт Філарэт, і наступны галава, мітрапаліт Павел, трымаліся як мінімум нейтралітэту ў палітычных пытаннях. Пры гэтым нельга казаць, што стасункі дзяржавы і БПЦ былі цалкам гладкія. Былі і дробныя шурпатасці. Чамусьці першае, што прыходзіць у галаву, – гэта амаль незаўважаны ў грамадстве канфлікт 2006 года вакол гарадзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабору. У тым годзе ў галоўным саборы Горадні з’явіліся іконы з выявамі праваслаўных новых пакутнікаў, пацярпелых у гады ганенняў бальшавіцкай улады. Беларускія кіраўнікі, якія фактычна лічаць сябе спадкаемцамі саветаў, што зразумела, былі не задаволеныя выявамі катаванняў святароў і манахаў людзьмі ў будзёнаўках. «Злыя языкі» казалі, што канфлікт пераадольваўся на ўзроўні Аляксандра Рыгоравіча ды мітрапаліта Філарэта. Дарэчы, іконы засталіся ў саборы.

Фотарэпартаж
Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова. ФОТА
2021.01.07 13:15

Падавалася, што цішыня ды спакой захаваюцца і пры новым мітрапаліце Веньяміне, але пасля жнівеньскіх выбараў праваслаўны свет фактычна пачаў адкрыта падзяляцца ў сваіх меркаваннях і думках. І рэч тут не ў Веньяміне. Святары хоць і «бліжэйшыя да Бога», але ж найперш – людзі. Маштабы «пераменаў» не маглі не ўразіць. І не тое каб гэта пагражала рэальным расколам, але калі самыя паняцці дабра і зла вызначаюцца кардынальна супрацьлегла, то гэта паказальнік таго, што ў паветры лётае напружанасць ды прынцыповае непаразуменне. Яшчэ ніколі Царква як грамадскі інстытут не была гэтак салідарная ў сваім расколе з грамадствам, як сёння. І падаецца, што гэта яшчэ адно замкнёнае кола сучаснай Беларусі.

Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова ў Свята-Духава кафедральным саборы. 7 студзеня 2021 году.
Фота: АК / Белсат

На фоне ўсяго гэтага гармідару нечаканы пасыл прыляцеў з Масквы. Падчас вялізарнага інтэрв’ю патрыярха Кірыла (чытай: начальніка над мітрапалітам Веньямінам) расейскаму тэлеканалу «Россия» не абышлося без «беларускага пытання». Да беларускага грамадства быў чаканы зварот: «усе пытанні трэба развязваць мірна», не з дапамогаю Майдану.

Але нечаканасць была ў звароце да ўладаў Беларусі: «Але калі пытанні існуюць, іх трэба развязваць, і гэта ўжо зварот і да ўладаў Беларусі. Нельга адкладваць у доўгую скрыню тое, што выклікае нязгоду і напружанне ў грамадстве».

Што гэта за пытанні, якія «нельга адкладваць у доўгую скрыню», напэўна, трэба цікавіцца не ў маскоўскага патрыярха, а ў Крамля. Бо часта бывае, што вуснамі таварыша Гундзяева прамаўляе таварыш Пуцін. Якая скрыня неўзабаве адчыніцца, напэўна даведаюцца ўсе беларусы: праваслаўныя, каталікі, агностыкі, атэісты…

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў