«Дзяржава ставіцца да цябе як да скаціны». Як правільна сядзець на «соднях»?


Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі сотням беларусаў прышлося сутыкнуцца з рэпрэсіямі і адвольнымі затрыманнямі. Ці так страшна сядзець на «соднях»? Як перажыць гэты перыяд з найменшымі стратамі? Адказваем на самыя папулярныя пытанні.

Што такое «содні»?

Адміністрацыйны арышт або ў народзе «содні» – гэта прысуд за адміністрацыйнае правапарушэнне. Сесці, напрыклад, на 15 содняў можна не толькі за ўдзел у акцыі, аднак і за хатні гвалт, дробны крадзеж або знаходжанне ў нецвярозым выглядзе на вуліцы.

турма
Ілюстрацыйны здымак

Максімальная санкцыя за адзін пратакол – 15 содняў. За адное судовае паседжанне могуць пакараць максімальна 25 соднямі. Аднак беларуская гісторыя ведае выпадкі, калі некаторым актывістам прысуджалі па 15 содняў за кожны складзены пратакол, і ў выніку яны атрымоўвалі па 120 содняў. Гэтак здарылася з Дзмітрыем Казловым, які больш вядомы як блогер Шэры кот.

У Менску для ўтрымання на соднях ёсць спецыяльная ўстанова – Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. У іншых гарадах адміністрацыйна арыштаваныя ўтрымліваюцца ў Ізалятары часовага ўтрымання. Там жа могуць знаходзіцца і затрыманыя па крымінальных справах да СІЗА.

Якія там умовы?

ЦІП або ІЧУ – не калонія і нават не СІЗА, таму ўмовы і распарадак так значна адрозніваюцца. Дарэчы, умовы ў менскім ЦІП часта лічацца горшымі па краіне.

Лізавета Пракопчык. Фота Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Актывістка «Моладзевага блоку» Лізавета Пракопчык, якая двойчы была на соднях – увесну 2017 года пасля «дармаедскіх» пратэстаў і сёлета пасля акцыі з труной на фоне рэпетыцыі параду – апісвае ўмовы як спартанскія.

«Камеры розных памераў ад 2 да 8 чалавек. Двухпавярховыя ложкі, сталы і лавы, тумбачкі амаль для кожнага. Ёсць ракавіна і смярдзючы, але агароджаны, туалет. Зараз сцены жоўтага колеру і лавы са сталамі нібыта з дрэва. Астатняя мэбля з металу, пафарбаваная ў шэры колер», – так яна апісвае ўнутранае ўбранства ЦІПу.

Зараз узмацніўся ціск

Праваабаронцы адзначаюць, што апошнім часам умовы ўтрымання на ЦІПе значна пагоршыліся апошнім часам. Прычым штучна: у людзей забіраюць пасцельныя прыналежнасці днём, не дазваляюць сядзець і ляжаць на ложках, рэдка выходзяць на прагулку – прычым гуляюць не на вуліцы, а ў бетонным памяшканні, дзе няма даху. Часам супрацоўнікі ЦІП уначы кожныя некалькі гадзінаў выходзілі і будзілі людзей у камеры.

Мікалай Статкевіч.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Зараз пад падставаю эпідэміі забароненыя сустрэчы з адвакатамі. Некалькі тыдняў былі забароненыя перадачы. Душ дазваляецца прымаць раз на 7 – 10 дзён, аднак палітык Мікалай Статкевіч распавядаў, што яму не давалі нармальна памыцца месяц.

Шмат актывістаў паведамляла, што зараз адміністрацыя вылівае хлор у камеру – праз гэта людзі пачынаюць задыхацца.

Ціск з боку адміністрацыі

Лізавета Пракопчык кажа, што шмат з таго, як да цябе будуць ставіцца на ЦІП, залежыць выключна ад твайго стаўлення да сітуацыі. Паводле яе, існуе некалькі рэжымаў, на якіх можна адсядзець.

«Лёгкі» – намагаешся не ўскладняць сабе жыццё і пагаджаешся з адміністрацыяй. «Сярэдні» – перыядычна нагадваеш адміністрацыі аб іх абавязках і просіш іх выконваць сваю працу. «Складаны» – усім выглядам паказваць, што табе не падабаецца знаходзіцца на соднях.

«Другі раз я абрала рэжым «лёгкі», бо сядзела толькі 5 содняў, і мне не хацелася аніяк бунтаваць. Аднак хоць я тады была зусім не канфліктная, але нада мною ўсё роўна здзекаваліся», – распавядае Лізавета.

турма, краты
Ілюстрацыйны здымак

Часцей за ўсё сукамернікі – гэта бесхацінцы. У вас могуць запытацца, за што вы сядзіце. Лізавета зазначае, што ўсе ў адной сітуацыі, таму і стаўленне роўнае.

«Сярод мужчын шмат хто ведае аб «палітычных», сярод жанчын жа – наадварот. Часта даюць заўвагі накшталт «навошта табе яно, трэба ўжо дзяцей нараджаць, а не па мітынгам хадзіць».

Праваабаронца Сяргей Усцінаў зазначае, што зараз умовы і стаўленне ўтрымання пераважна залежаць ад адміністрацыі ўстановы:

«Ім нічога не каштуе нармальна ставіцца да людзей і спыніць гэтае жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, якое часам пераходзіць у катаванні. Аднак начальству ЦІП, імаверна, падабаецца зневажаць людзей».

Чым займацца на соднях?

Графік не адрозніваецца разнастайнасцю. Можна чытаць (калі не забаранілі перадачы), гуляць у настольныя гульні, глядзець тэлебачанне пры магчымасці. Так прапісана ў заканадаўстве, аднак рэчаіснасць часта адрозніваецца.

«Я хацеў ахвяраваць тэлевізары ў ЦІП, але мне проста адмовілі ў гэтым. Уладам патрэбна, каб палітычныя пакутавалі. Навошта ім палягчаць умовы і ўносіць разнастайнасць у нуднае сядзенне. Яшчэ яны ўспрымаюць гэта як лішнюю працу, за якую аніхто не даплаціць», – кажа Сяргей Усцінаў.

Фота: REUTERS/Vasily Fedosenko

Як скардзіцца на ўмовы?

Пасля акцыяў пратэсту ў ЦІПе забіраюць пісьмовыя прыналежнасці, таму пісаць скаргі вельмі складана. Можна скардзіцца на ўмовы ўтрымання толькі вусна.

Пасля вызвалення і праходжання ўсіх даступных сродкаў абароны на нацыянальным узроўні, можна падаваць скаргу ў камітэт па правах чалавека ААН.

Ці варты гэты досвед?

Пётр Маркелаў, які чатыры разы адбываў адміністрацыйны арышт кажа, што адзін раз – гэта даволі цікава.

«Але не тое, што было апошнім часам – гэта катаванні і чысты здзек», – гаворыць ён.

Лізавета Пракопчык таксама лічыць, што «содні» могуць быць нават карыснымі.

«Раю пасядзець, каб зразумець, як да цябе ставіцца дзяржава – як да апошняй скаціны», – зазначае актывістка.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў