Дзяржава прыпыніла ўжыванне вакцыны, пасля якой памерла дзяўчынка


Чыноўнікі кажуць, што пакуль заўчасна звязваць смерць дзяўчынкі ў Горадні з вакцынай, але прыпынілі яе выкарыстанне.

«Выкарыстанне вакцыны прыпынена да высвятлення ўсіх абставінаў трагедыі», – заявіў «Інтэрфаксу» намеснік міністра ахова здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі Ігар Гаеўскі.

Ён падкрэсліў, што заўчасна звязваць гібель дзіцяці і ўжыванне вакцыны, якой ён быў прышчэплены. Такога меркавання прытрымліваецца і Следчы камітэт.

31 траўня ў дзіцячай паліклініцы №1 Горадні пасля ўвядзення камбінаванай вакцыны супраць адзёру, паратыту і краснухі рэзка пагоршыўся стан здароўя ў 6-гадовай дзяўчынкі. Нягледзячы на аказаную медычную дапамогу, яна памерла ў прысутнасці сваёй маці.

Упраўленне Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медычнымі работнікамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.

Следчыя канфіскавалі ампулы з вакцынамі, выкарыстаныя ампулы і шпрыцы, а таксама медычныя прэпараты з кабінета прышчэпак. Яны далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы справаводства паліклінікі і фінансава-бухгалтарскія дакументы на атрыманне вакцынаў.

Цяпер трываюць экспертызы, следчыя дапытваюць медычных працаўнікоў паліклінікі.

«Меры стрымання да медычных працаўнікоў не ўжываліся. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца», – заявіў прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Ужо стала вядома, што вакцына, якую прышчапілі дзяўчынцы, паходзіць з Бельгіі. Міністэрства аховы здароўя набывала яе цэнтралізавана, прэпарат выкарыстоўваюць па ўсёй краіне, ніякіх скаргаў на яго пакуль не было.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў