Супраць дыскрымінацыі ды за роўныя правы. У апошні момант гарадскія ўлады дазволілі правесці мітынг інвалідам-вазочнікам у сталічным парку Дружбы народаў. Цяпер тут блізу 50 чалавек. І яны афіцыйна звярнуліся да кіраўніка краіны, каб нагадаць пра свае праблемы.
Адзін з удзельнікаў акцыі – 30-гадовы вазочнік Іван Слінько, інвалід першай групы. Сем гадоў таму ён траўмаваў шыю. Жыве Іван на пятым паверсе. І часта з дому не выйсці, заўважае ён, бо ліфт не працуе, а спуск з ганку і ўвогуле небяспечны для жыцця.
«Я тэлефанаваў і ў наш ЖЭС і ў Выканкам – сказалі: «Не паложана». Сказалі: – У Вашым пад’ездзе мала месца, каб ставіць пандус. Адкідны яны таксама не хочуць рабіць, бо гэта вельмі дорага. Электрычны – тым больш не хочуць!», – распавядае Іван Слінько, інвалід-вазочнік.
І хоць колькасць будынкаў, даступных вазочнікам, павялічваецца, на сёння ў Беларусі – гэта толькі 9 % інфраструктуры, сканцэнтраванай, у асноўным, у сталіцы. Тым часам самі вазочнікі часта не ведаюць сваіх правоў.
Праз крызіс у краіне збанкрутавала фірма, дзе працаваў Іван. Цяпер знайсці працу надзвычай складана, тым больш чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі. А летась сям’я даведалася пра яшчэ адзін непрыемны падарунак ад уладаў – змянілі заканадаўства ў дачыненні апекуноў. Цяпер ім не налічваецца працоўны стаж.
«Што тут зробіш! Супраць дзяржавы не папрэш. Застаецца толькі змірыцца. Вядома ж, я растроеная, але нікуды не денесся, бо ведаеш, што яго дома аднаго не пакінеш», – разгублена кажа апякунка Любоў Голуб, сястра Івана.
Таму асноўнае патрабаванне ўдзельнікаў мітынгу інвалідаў-вазочнікаў – перагледзець статус апекуноў.
«Зараз людзі адмаўляюцца ад дагляду. Ёсць пагроза таго, што тыя хто не можа знаходзіцца дома, іх будуць здаваць у інтэрнаты…», – даводзіць Яўген Шаўко, «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў».
У звароце да кіраўніка краіны інваліды-вазочнікі пералічылі 11 канстытуцыйных правоў ды гарантыяў, якія парушаюцца ў дачыненні асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод іх – права на працу, на ахову здароўя і спорт, права на адукацыю ды ўдзел у культурным жыцці. Ды права на свабоду перасоўвання. Адсутнасць безбар’ернага асяроддзя – праблема найбольш актуальная, і для Івана Слінька, і для іншых інвалідаў-вазочнікаў.
Таццяна Уласенка, Белсат