Дзяржаўны памежны камітэт: за два дні з Кіева ў Менск вярнулі 85 расейцаў


За апошнія дзве содні рэйсамі з Кіева ў Менск вярнулі 85 грамадзянаў РФ: 47 учора і 38 сёння. Гэтую інфармацыю belsat.eu пацвердзілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

Расейцаў, што прыляцелі з Менску ў Кіеў (аэрапорт «Жуляны»), не прапусціла памежная служба Украіны. У выніку іх вярнулі назад у Нацыянальны аэрапорт Менск-2.

«Сёння па стане на 10 гадзін раніцы зафіксавана вяртанне 38 расейскіх грамадзянаў з аэрапорту Кіева. Тэндэнцыі да павелічэння лічбы няма, учора такіх выпадкаў было 47. Пры гэтым вяртаюць іх з аэрапорту сталіцы Украіны, з іншымі нацыянальнымі аэрапортамі Украіны такой сітуацыі не назіраецца», – распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Ён адзначыў, што ўсе гэтыя расейцы былі дастаўленыя ў Беларусь рознымі перавозчыкамі, у тым ліку замежнымі. На пытанне, ці звязваюць беларускія памежнікі такія частыя выпадкі вяртання расейцаў з Кіева з ваенным становішчам, Бычкоўскі сказаў:

«Складана адказаць. Украінская памежная служба мае права і кампетэнцыю не ўпускаць да сябе тых ці іншых грамадзянаў».

Нагадаем, раней амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адзначыў, што не звязвае той факт, што расейцаў не прапускаюць у Кіеў з увядзеннем ваеннага становішча.

«Калі чалавек на мяжы не можа патлумачыць, навошта ён прыехаў – гэта выклікае пытанні ў памежнай службы, наколькі ён шчыры. Наколькі я разумею, гэтыя расейцы не змаглі назваць прычыну. У расейцаў увогуле праблема – у постсавецкіх краінах яны адчуваюць сябе як гаспадары, а не як госці», – сказаў Кізім.

Ад 26 лістапада па 26 снежня ў 10 вобласцях Украіны дзейнічае ваеннае становішча. Гэта звязана з крызісам у Керчанскай пратоцы, калі расейскія памежныя караблі атакавалі і захапілі ўкраінскія катары.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў