Дзяржаўны бюджэт – 2019: рост выдаткаў на эканоміку, сацыялку і прапаганду

Выдаткі дзяржаўнага бюджэту прапаноўваецца павялічыць у 2019 годзе больш як на 10 %, да 21,98 млрд рублёў (з 19,78 млрд у 2018 годзе). Пры гэтым істотна вырастуць выдаткі на эканоміку, культуру, спорт і медыі. Праект дзяржаўнага бюджэту, які атрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выклала ў інтэрнэт дэпутатка Ганна Канапацкая.

Як граць на піяніна без піяніна

Дэпутатка паведаміла, што дакументы зʼявіліся толькі сёння, хоць фармальна абмяркоўваць бюджэт парламент Беларусі пачаў яшчэ ўчора.

«Нагадаю, што ўчора адбылася сустрэча дэпутатаў Палаты і чальцоў Савету Рэспублікі з урадам, гэтак званае нулявое чытанне… Але ані абмеркавання, ані нулявога чытання не было з адной простай прычыны – адсутнасці аб’екту для абмеркавання, канчатковых тэкстаў праектаў бюджэту і Падатковага кодэксу. Складана абмяркоўваць тое, чаго няма», – напісала Канапацкая.

Згодна з дэпутаткай, урадоўцы толькі зачыталі свае справаздачы, якія ўтрымлівалі агульныя словы і фармулёўкі.

Сустрэча дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з урадам. Фота house.gov.by

З праекту, які выклала Канапацкая, вынікае, што бюджэт будучага года – прафіцытны, і даходы будуць перавышаць выдаткі на 1,7 млрд рублёў. Гэта фактычна супадае з сумай даходаў «беззваротных паступленняў ад замежных дзяржаваў».

За гэтай фармулёўкай фактычна хаваюцца простыя трансферты ад гэтак званага «перамытнення нафты», сказаў «Белсату» старэйшы аналітык фінансавай кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

«Гэта менавіта тая сума, якая з наступнага года будзе скарачацца з-за падатковага манеўру расейскіх уладаў», – сказаў аналітык.

Куды пойдуць 2 мільярды розніцы?

Рэкорд у павелічэнні бюджэту паставіў, відаць, артыкул «Фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі» – тут дзяржаўныя выдаткі выраслі амаль у два разы, да 633 млн беларускіх рублёў з 389 млн у 2018 годзе. Пры гэтым на спорт выдаткі выраслі таксама амаль удвая, да 333 млн, на культуру прыкладна на 50 % – да 146 млн, і на медыі – амаль на 50 %, да 151 млн.

Выдаткі ў артыкуле «Нацыянальная эканоміка» вырастуць да 3,12 млрд рублёў, з 2,12 млрд летась. Пры гэтым падтрыманне сельскай гаспадаркі нават трохі скароціцца, а вось выдаткі на прамысловасць і будаўніцтва вырастуць амаль да 1 млрд рублёў з 724 млн.

З МАЗу выязджаюць новыя аўтобусы. Фота maz.by

Выдаткі на дарожную гаспадарку вырастуць больш чым на 30 % да 947 млн, энергетычна-паліўны сектар атрымае 402 млн, а не 287 млн, як летась, а транспарт, як плануецца, атрымае 91 млн рублёў падаткаплатнікаў – у параўнанні з 56 млн годам раней.

Вырастуць выдаткі на сацыяльную сферу і медыцыну – прыкладна на 10 %.

Бюджэт беларускіх вайскоўцаў, міліцыянераў і спецслужбістаў таксама вырас адпаведна ўсёй суме дзяржаўных выдаткаў – то бок дзяржава зноў не дэманструе таго, што аддае прыярытэт нацыянальнай бяспецы.

Жаўнеры сілаў спецыяльнага прызначэння беларускага войска. Фота mil.by

Выдаткі на нацыянальную абарону павялічацца прыкладна на 10 % – да 1,24 млрд рублёў. Яшчэ на 10 % – выдаткі на судова-праваахоўную сістэму і бяспеку – да 2,31 млрд. Пры гэтым МУС, як плануецца, атрымае 854 млн рублёў (год таму 791 млн), органы аховы мяжы – 212 млн рублёў (197 млн), органы дзяржаўнай бяспекі атрымаюць 189 млн рублёў (164 млн).

Галоўны фактар рызыкі – Расея

Беларусь адначасова буйны спажывец, перапрацоўнік нафты, прадавец нафтапрадуктаў, а таксама значны экспарцёр, перш за ўсё – на расейскі рынак. Такім чынам даходы нацыянальнага бюджэту вельмі залежаць ад вонкавых фактараў – коштаў нафты, курсу беларускага рубля да долара ЗША і курсу расейскага рубля.

Адпаведна, праект бюджэту складзены пры тых умовах, што сярэднегадавы кошт нафты ў наступныя 12 месяцаў будзе на ўзроўні 60 долараў за барэль, курс беларускага рубля – 2,2160 за долар, а курс расейскага рубля – 69 за долар.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў у Крыме 9 сакавіка 2014 года. Крыніца wikipedia.org

Вадзім Іосуб лічыць, што гэта даволі рэалістычныя ацэнкі.

«Кошт на нафту цалкам магчымы, сярэднегадавы курс беларускага рубля – таксама. Прагноз 69–70 расейскіх за долар імаверны пры адным вялікім «калі» – калі не будзе самых жорсткіх фінансавых санкцыяў. Цяпер, падобна, новыя санкцыі будуць, але не ў самым жорсткім варыянце», – мяркуе эксперт.

Залежнасць Беларусі ад расейскай эканомікі – туды ідзе каля 50 % беларускага экспарту – робіць яе бюджэт закладнікам здароўя эканомікі нафтазалежнага і малапрадказальнага ўсходняга суседа.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў