Дзякуючы пропуску школы зрабіцца выдатнікам? Маем рэцэпт!


Школа ці хатняе навучанне? Што лепш для дзетак у час, калі па свеце крочыць каронавірус? Нямала бацькоў пастанавілі пакінуць дзяцей дома, але як жа школьная праграма? Ці адаб’ецца пропуск заняткаў на паспяховасці вучняў?

Настаўнік пачатковых класаў з Віцебску Аляксей Пракофʼеў перакананы, што пропуск заняткаў не адбіваецца на паспяховасці вучняў

– Такая суперздольнасць, як уменне адступаць у сшытку пяць клетачак паміж працамі, праз каранцін страчаная не будзе. А нічым іншым, на мой погляд, цяперашняя пачатковая школа і не займаецца, – упэўнены Аляксей Пракоф’еў.

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Настаўнік у старэйшых класах Юрась Каласоўскі кажа, што з разуменнем ставіцца да тых бацькоў, якія вырашаюць пакінуць сваё дзіця дома.

– Сённяшняя раніца пачалася для мяне з таго, што прачытаў паведамленне вучня з майго класу ў Viber: «Мяне заўтра на ўроках не будзе. Буду берагчы сябе». І з кожным днём такіх вучняў будзе ўсё больш. Канечне, у сувязі з гэтым неабходна арганізаваць дыстанцыйнае навучанне для гэтых вучняў. Пытанні ж у тым, ці будуць рабіць гэта настаўнікі з уласнай ініцыятывы, ці выступіць адміністрацыя навучальнай установы з ініцыятывай арганізаваць падобнае навучанне. Што да мяне, то не бачу тут праблемы: з вучнямі кожнага класу ў мяне створаная група ў сацыяльнай сетцы, дзе я рэгулярна дасылаю ім самыя разнастайныя заданні. У гэтай сітуацыі важна, каб адміністрацыя акцэнтавала ўвагу педагогаў на магчымасці такой працы і паказала найбольш аптымальныя спосабы дыстанцыйнага навучання, – распавёў Юрась Каласоўскі, які выкладае беларускую мову і літаратуру ў адной са школ Магілёву.

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Але гэтак паступаюць далёка не ўсе настаўнікі.

Алеся Казанцава, эканаміст, маці васьмікласніцы распавядае, што ў школе ейнай дачкі першы і адзінаццаты класы не ходзяць на заняткі. Афіцыйнай прычыны не агучваюць, паводле чутак – праз каранцін. І гэтым вучням заданні высылаюць настаўнікі.

– Але з маёй дачкой, якая з уласнай ініцыятывы засталася дома, школьныя настаўнікі не кантактуюць. Я таксама пакуль не займаюся з ёю ўрокамі, бо па-першае, я не педагог, а па-другое, хачу спачатку даць дачцэ час адпачыць ад школы. Найлепшае, што ў такой сітуацыі могуць зрабіць бацькі, – як мага больш размаўляць з дзіцём на розныя тэмы, гістарычныя, пра літаратуру. Знаходжанне дома дае значна больш магчымасцяў, каб быць бліжэй да дзіцяці і ўсё з ім абмяркоўваць. Акрамя таго, дачка зацікавілася адукацыйнымі фільмамі на англійскай мове, гэта таксама яе развівае, – кажа Алеся Казанцава.

Фота: belsat.eu

Магчымасці для развіцця бачыць у хатнім каранціне і псіхолаг Вольга Юркоўская, дзеці якой увогуле не хадзілі ў школу, але пры гэтым атрымалі школьныя атэстаты і нягледзячы на вялікі конкурс паступілі ў прэстыжную навучальную ўстанову ў Злучаных Штатах, а цяпер не толькі вучацца, але і зарабляюць грошы, праводзячы онлайн-курсы для падлеткаў. Сакрэт іхнага поспеху просты: яны вучыліся дома. Цяпер жа такая магчымасць самаадукоўвацца з’явілася часткова і ў іншых школьнікаў. Каб час, праведзены дома, не мінуў марна, псіхолаг раіць бацькам дапамагчы дзецям засвоіць навыкі хуткага апрацоўвання інфармацыі.

– Адзін з найважнейшых навыкаў – хуткаснае чытанне (навучыцца можна на адмысловых курсах, онлайн ці бясплатна – самастойна па кнізе). Калі дзіця засвоіць гэты навык, то праблема са школьнай і ўніверсітэцкай праграмамі будзе вырашаная раз і назаўжды, бо дзіця зможа за гадзіну прачытаць цэлы падручнік і пераказаць яго змест. Нават калі дзіця прыйдзе ў школу з нявывучаным урокам, то за першыя хвіліны занятку прачытае параграф і будзе дасканала разбірацца ў тэме, – распавядае Вольга Юркоўская, псіхолаг, аўтар кнігі «Адукацыя для жыцця. Школьная адукацыя з карысцю і без гвалту».

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Другі патрэбны навык – фотачытанне. Калі яго засвоіць, то пры нядоўгім поглядзе на карцінку дзіця запамінае яе і подпісы пад ёй, гэта як шпаргалка, схаваная ў галаве, надзвычай дапамагае пры здачы экзаменаў у школе і ўніверсітэце.

Для развіцця мыслення варта навучыцца ўжываць і інтэлект-карты. Існуе шмат бясплатных сэрвісаў, з якімі дзеці могуць структураваць і лягчэй запомніць найскладанейшую тэму, апрацаваць у разы больш інфармацыі».

Абноўлена
Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае
2020.03.23 21:09

Вольга Юркоўская раіць бацькам уявіць будучыню сваіх малых ды запісаць, якія навыкі, веды і ўменні прыдадуцца дзецям, калі яны вырастуць і ім будзе, скажам, 30–40 гадоў. Зразумела, што наўрад ці каму спатрэбіцца дакладна ведаць 37-мы параграф падручніка па біялогіі, затое на 100 % прыдадуцца навыкі самаарганізацыі, асабістай эфектыўнасці, фінансавая адукацыя, уменне кіраваць сабою і людзьмі.

– А гэтаму ў школе акурат не вучаць, таму варта самім шукаць адпаведныя курсы і кнігі для дзяцей. Школьная сістэма адукацыі была разлічаная на неадукаванае насельніцтва з кепска развітым інтэлектам, каб даць гэтым людзям невялікую колькасць ведаў і ўменняў. Цяперашнія дзеці нашмат разумнейшыя за тагачасных сялянскіх дзяцей, яны хутчэй думаюць і здольныя засвойваць нашмат больш інфармацыі, але беларуская школа, на жаль, не змянілася і засталася ў мінулым ці нават пазамінулым стагоддзі, – кажа Вольга Юркоўская.

Hавiны
«Усім пляваць». Чаму беларусы ідуць на самаізаляцыю падчас эпідэміі каронавіруса?
2020.03.19 15:23

Самаізаляцыя, каранцін, канікулы – гэта магчымасць заняцца самаадукацыяй, каб потым вярнуцца ў школу і зрабіцца выдатнікам! Калі навучанне перастане быць складаным, то з’явіцца матывацыя скараць новыя вяршыні ды з захапленнем спазнаваць наш цікавы свет.

Вольга Старасціна Belsat.eu

Стужка навінаў