Дзяды пад Горадняю: Задушны дзень, каб захаваць душы


Для таго каб пабачыць аўтэнтычную традыцыю адзначаць Задушны дзень, або Дзень памяці продкаў у каталікоў, мы паехалі ў мястэчка Гожа, што амаль на беларуска-польскай мяжы.

Парафіяне на могілках.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Ад Гожы да польскай мяжы – рукой падаць. У лесе побач ужо стаяць памежныя слупкі. Сама ж зона пачынаецца крыху далей, таму ў мястэчка можна трапіць без праблем.

Пасля імшы людзі фармуюць калону на касцельным падворку.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Бліжэй да гадзіны дня ля касцёлу цяжка прыпаркаваць аўто. Усе месцы занятыя. У сам касцёл зайсці таксама няпроста: людзі стаяць вельмі шчыльна, а нехта нават на лесвіцы, якая вядзе на хоры.

Ксёндз Павел чытае імёны памерлых.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Святая вада ў каменнай «крапельніцы» пад укрыжаваннем халодная, але прыхаджане нязменна макаюць пальцы, каб перажагнацца. Сёння тут каталікі не толькі з Гожы, але і з вакольных вёсак.

Велічны выгляд касцёлу з хораў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Франц, Адольф, Эмілія…» – імёны, як сімвал веры

Пачынаецца служба. Яе адпраўляюць два святары. Мясцовы кс. Павел прадстаўляе прысутным прыехаўшага ксяндза Віктара. Між іншым узгадвае, што бабуля кс. Віктара з Крынічнай, то бок мясцовая. Людзі пераглядаюцца: «Ну так, Крынічная, наш, наш…»

Вернікі ў касцёле.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У казанні святар кажа, што Задушны дзень – гэта не толькі пра тыя душы, якія адышлі і знаходзяцца ў дарозе да Неба, але таксама і пра душы жывых, якія маюць іх памятаць. Ксёндз прамаўляе па-беларуску, але з лёгкім польскім акцэнтам. Калі пераключаецца на польскую, то гучаць беларускія ноткі.

Пешая працэсія да могілак.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Далей ідзе пайменны пералік тых, за каго моліцца грамада. Сталічнаму студэнту-гісторыку такія імёны ды прозвішчы трапяцца хіба ў пыльных архівах ды метрычных кнігах часоў Рэчы Паспалітай: Алаіз, Франц, Адольф, Эмілія, Гжэгаш, Юстына, Кірко, Чубар, Юргель, Паруліс, Роман і г.д. Вернікі ўважліва слухаюць. Выглядае, што сам пералік памерлых сваякоў ёсць важным фактарам. Такі сімвал веры для сем’яў, якія жылі тут сотні год.

Парафіяне на могілках.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Загаворым пацеры, сядзем, паабедаем…»

Недзе праз паўтары гадзіны з касцельнай брамы выходзіць працэсія: некалькі соцень чалавек. Наперадзе міністранты нясуць два чорныя сцягі са срэбранымі крыжамі ды паходню. Падчас хады дзяўчаты спяваюць. Увесь натоўп пешкі ідзе на могілкі, у бок Нёмна, у сасновы гай. Некаторыя едуць за працэсіяй на аўто: так лягчэй састарэлым парафіянам. Амаль кожны мае ў руках па лампадцы, а мо і па некалькі.

Пешая працэсія да могілак.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Што гэты дзень значыць? – перапытвае Ян Сташкевіч, жыхар Гожы. – Бо родныя памерлыя: бацька, маці, браты два. Там брат яшчэ адзін… За сталом не збіраюцца ў нас мусіць. Гэта праваслаўныя і на могілках адзначаюць, і ўдома. У католікаў то не – Задушны дзень. Прыбіралі на могілках на тыдні, родныя прыязджалі. Заранёў у нас – нехта і за два тыдні! На выходных падчышчаюць. Я дык не магу ўжо… Сястра хворая ляжыць: трэба ісці, глядзець».

Пан Ян Сташкевіч.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Ксёндз Павел моліцца «Ойча наш».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пакуль працэсія на чале з ксяндзамі працягвае хаду з малітвамі па могілках, людзі пакрысе расцярушваюцца сярод крыжоў і помнікаў. Прыбіраць ужо няма чаго: усё зроблена загадзя. Затое ёсць час запаліць знічку ды пагутарыць з тымі, каго бачыш не кожны дзень. І з жывымі, і з памерлымі.

Парафіяне на могілках.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Узгадваюць усе сваіх родных, бацькоў, усіх, каго могуць, – тлумачыць мясцовая жыхарка Яніна Сухоцкая. – У «касцеле» [Яніна вымаўляе касцёл менавіта праз літару «е». – Belsat.eu] ідзе імша, «модляцца» над магілкамі, ставяць лампадкі, запальваюць агеньчыкі. Пойдзем дадому ўсе, «згаворым пацеры», сядзем паабедаем. І ўсё, разыдземся кожны па сваё хаце! Кожны божы год так робім, пакуль жывыя! (смяецца)».

Пані Яніна Сухоцкая з сяброўкай.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

На могілках халадней, чым у касцёле. Падымаецца вецер з Нёмна, гайдае сосны.

Вецер з-над Нёмна наганяе холад.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Людзі захутваюцца ў паліто, робяць знак крыжа, бяруць пад рукі старэйшых і крочаць да машынаў. Далей – дом, цяпло і «пацеры».

Нельга сысці, не пакінуўшы знічку.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў