Дзяды альбо Гэлаўін: што бліжэйшае беларусам?


Гэлаўін пакрысе набірае папулярнасць сярод беларускай моладзі. Але ці мае гэтае заходняе свята повязь з беларускімі традыцыямі? Карэспандэнт Belsat.eu паразмаўляў на гэты конт з грэка-каталіцкім святаром Андрэем Кратом з Горадні.

І Дзяды і Гэлаўін маюць паганскія карані

Яшчэ гадоў пятнаццаць таму беларусы чулі пра Гэлаўін толькі з амерыканскіх фільмаў. Нашмат бліжэйшыя былі Дзяды, якія штогод адзначаліся і працягваюць адзначацца хрысціянскімі вернікамі 2 лістапада, а Гэлаўін – 31 кастрычніка. Абодва святы суправаджаюць Дзень памяці ўсіх святых – 1 лістапада. Гісторыя абодвух святаў сягае далёка, на стагоддзі. Абодва звычаі прыйшлі ў хрысціянства з паганства, аднак сэнс маюць цалкам розны.

Дзяды на старых гарадзенскіх фарных могілках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Дзяды не ёсць хрысціянскім святам літаральна. У Беларусі яго карані сягаюць у дахрысціянскі час. Аднак Дзяды вельмі добра спалучаюцца з хрысціянскай традыцыяй ушанавання памяці аб памерлых. Таму ў заходнім хрысціянстве ў час восеньскіх дзядоў ўспамінаюць усіх памёрлых, а ва ўсходнім – Змітраўская бацькоўская субота», – зазначае айцец Андрэй Крот. Дзяды – гэта не свята, а дзень памяці.

Грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот з Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Гэлаўін у хрысціянства прыходзіць таксама з паганскага свята, кельцкага Самайну, звязанага са сканчэннем збору ўраджаю, яно асацыявалася са смерцю. Людзі верылі, што перад Днём усіх святых нячыстая сіла выходзіць на адну ноч пабадзяцца па свеце. Абодва святы бяруць пачатак у паганстве, але вельмі добра ўпісаліся ў хрысціянскую культуру. «Што ж датычыць пытання, чаго ў іх больш: паганства ці хрысціянства, то гэта залежыць ад чалавека, які адзначае гэтае свята. Калі ён будзе прытрымлівацца язычніцкіх традыцыяў, то паганства, калі ж будзе шанаваць памерлых па-хрысціянску, – то хрысціянства», – працягвае святар.

Дзяды на старых гарадзенскіх фарных могілках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Што азначае кавун са знічкаю, і як слушна адзначаць Дзяды?

Адзначаюць Дзяды і Гэлаўін таксама па-рознаму. Заходняе свята звычайна суправаджалася абрадам, падобным да традыцыйнага для нас калядавання. Маладзёны хадзілі па суседзях з адмысловым ліхтаром са знічкаю, гэтак званым ліхтаром Джэка, каб атрымаць пачастункі, ліхтаром жа адганялі ад сябе нячысцікаў. Паводле кельцкай легенды, каваль-выпівоха Джэк некалькі разоў ашукаў дʼябла. Апошні хацеў атрымаць душу Джэка ўзамен на свае паслугі, але каваль абдурваў цёмную сілу. Калі Джэк памёр, ягоная душа не змагла трапіць у рай, у пекле ж яна таксама не прыдалася, дʼябал не прыняў душу Джэка, і душа ягоная была вымушаная бадзяцца да сканчэння дзён па свеце з ліхтаром у форме галавы. Асвятляў ліхтар маленькі вугельчык, які дʼябал кінуў душы Джэка на развітанне.

Дзяды на старых гарадзенскіх фарных могілках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Святар зазначае, што да Гэлаўіна трэба ставіцца з асцярогай: «Гэта падмена нашай культуры чужой. Я быў у шоку, калі нядаўна даведаўся ад адных маіх парафіянаў, што ў іхнай шматпавярхоўцы ніхто з дзяцей не ходзіць па кватэрах калядаваць, затое ходзяць на Гэлаўін!»

Дзяды ж адзначаюцца іначай, і нават знічка мае іншы сэнс – сакральны. Айцец Андрэй нагадвае, як трэба адзначаць Дзяды: «Мы наведваем магілы нашых блізкіх, каб перад пачаткам зімы навесці там парадак, і, зноў жа, памаліцца за тых, хто спачывае ў гэтым месцы. Знакам нашай памяці аб спачылых блізкіх ёсць свечкі, знічы ці кветкі, якія мы прыносім на могілкі. Дзе ёсць магчымасць, можна запрасіць святара, які асвеціць магілы».

Дзяды на старых гарадзенскіх фарных могілках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Таксама Дзяды – дзень малітвы, якой згадваюць памерлых. Маліцца можна індывідуальна альбо ў царкве, падчас асноўнага хрысціянскага набажэнства – еўхарыстыі, ці падчас адмысловых набажэнстваў за памерлых.

Навошта на Гэлаўін прыкідвацца нячысцікам, і якую пагрозу нясе гэтае свята?

На пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў Гэлаўін пачынае нагадваць маскарад. На Захадзе пачынаюць уводзіць ува ўжытак строі. Аматары гэтага свята ўбіраюцца ў нячысцікаў, каб злыя духі не пазналі чалавека і не нарабілі непрыемнасцяў. Падобнае цяпер можна назіраць у шматлікіх барах або клубах у ноч на 31 кастрычніка – людзі пераапранаюцца ў нячысцікаў і балююць. Святар жа выказвае вялікую занепакоенасць: «Сярод небяспекі, якую нясе Гэлаўін, я б хацеў звярнуць увагу на тое, што ён адвучвае сучаснага чалавека сур’ёзна ўспрымаць зло. Ну, вось існуе нейкі мілы чорцік, нейкі лагодны д’яблік, нейкая сімпатычная чараўніца. Насамрэч жа д’ябал, альбо чорт, – гэта сур’ёзная істота, увасабленне зла і, як кажа Біблія, вораг роду чалавечага. А ворага не варта недаацэньваць».

Дзяды на старых гарадзенскіх фарных могілках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Хоць Гэлаўін і падтрымліваюць англіканская царква, некаторыя плыні пратэстантызму, а ватыканскі экзарцыст Габрыель Аморт выказаў думку, што пераапрананне ў нячысцікаў на адну ноч – бяскрыўднае свавольства, для беларусаў жа, на меркаванне айца Андрэя Крата, яно падмяняе традыцыі: «Я ўспрымаю гэтае свята як абсалютна чужое нашай культуры. Гэлаўін становіцца святам весялосці, для беларусаў жа Дзяды заўсёды (і ў хрысціянскія, і ў дахрысціянскія часы) былі днём роздуму, засяроджанасці, развагі пра лёс уласны і твайго роду».

АК, фота ВМ belsat.eu

Стужка навінаў