Дзверы менскага СІЗА пашкодзілі на суму 1,48 рубля. За гэта анархістаў могуць пасадзіць на 12 гадоў

У судзе Савецкага раёну Менску распачаўся працэс над двума актывістамі анархісцкага руху: іх вінавацяць у тым, што ў верасні 2019 года яны нібыта закідалі будынак Менгарсуда лямпачкамі з фарбаю, а ў кастрычніку шпурнулі кактэйль Молатава ў бок СІЗА на Валадарскага.

На лаве падсудных аказаліся 19-гадовыя Мікіта Емяльянаў і Іван Комар. Іх затрымалі 20 кастрычніка 2019 года. Актывістам высунулі абвінавачанне паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»), арт. 295.3 («Незаконныя дзеянні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі») і арт. 344 КК («Наўмыснае пашкоджанне гістарычна-культурных каштоўнасцяў»). Суддзя – Аляксандр Якунчыхін.

Аўтазак і міліцэйскі мікрааўтобус перад будынакам суда. Фота «Белсат»

Судовы працэс праходзіць ва ўмовах надзвычайных захадаў бяспекі. У залу суда прапускаюць праз дзве рамкі металадэтэктараў і асабісты дагляд – на ўваходзе ў будынак і непасрэдна перад залай.

Каля будынку стаяць аўтазак і міліцэйскі мікрааўтобус, на вуліцы дзяжурыць нарад АМАПу. У самім судзе шмат міліцыянтаў у цывільным, вядзецца аператыўны відэазапіс. Міліцыянты, што канваююць анархістаў, апранутыя ў бранекамізэлькі.

У судзе над анархістамі. Фота «Белсат»

Паводле дзяржабвінаваўцы, Емельянаў і Комар у верасні 2019 года закідалі лямпачкамі з фарбай будынак Менгарсуду. Агульная шкода ад гэтых дзеянняў – Br 143. Прычым следства не высветліла нават дакладную дату і час акцыі анархістаў – у матэрыялах справы ідзе гаворка пра тэрмін часу 24-25 верасня. Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Раней ў суполках анархістаў у сацсетках закідванне будынку Менгарсуду лямпачкамі з фарбай называлі акцыяй салідарнасці са Змітром Паліенкам, якога тады чакаў суд.

Іван Комар (у чорным швэдары) і Мікіта Емельянаў (у шэрым). Фота «Белсат»

Таксама маладзёнаў вінавацяць у тым, што яны зрабілі кактэйлі Молатава – гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле арт. 295-3 (незаконныя дзеянні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі). З выкарыстаннем кактэйляў Молатава актывісты нібыта двойчы спрабавалі атакаваць будынак СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Паводле пракурора, 12 або 13 кастрычніка (дакладны час акцыі следства не высветліла) «шляхам кідання» хлопцы спрабавалі пашкодзіць адміністратыўны корпус СІЗА. Але кактэйль Молатава тады не загарэўся. Анархісты спрабавалі паўтарыць акцыю 20 кастрычніка – яны шпурнулі бутэльку з гаручай сумессю ў дзверы будынку СІЗА (як сцвярджалася ў анархісцкіх суполках, гэта было зроблена ў знак пратэсту супраць пераследу анархістаў і антыфашыстаў). Цяпер кактэйль Молатава загарэўся, але пашкодзіў дзверы нязначна – суму шкоды ацанілі ў 1 рубель 48 капеек.

Аднак следства сцвярджае, што будынак СІЗА на Валадарскага ўваходзіць у архітэктурны комплекс «Пішчалаўскі палац» – гэта гісторыка-культурная каштоўнасць 2-й катэгорыі. Такім чынам, дзеянні анархістаў кваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 344 КК (наўмыснае пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў). Максімальны тэрмін паводле гэтага артыкулу – 12 гадоў калоніі.

На судзе над анархістамі. Фота «Белсат»

Падсудныя сваёй вінаватасці не прызналі. Таксама Емельянаў і Комар адмовіліся даваць паказанні на гэтай стадыі працэсу – яны гатовыя адказваць на пытанні толькі пасля таго, як дапытаюць усіх сведкаў. Емельянаў не даваў ніякіх паказанняў і падчас следства, Комар – даваў толькі часткова.

Пракурор на працэсе – Ігар Сенеў. Фота «Белсат»

У судзе дапыталі прадстаўніцу СІЗА – пазоўніка. Жанчына па прозвішчы Нарчук прызнала, што пашкоджанне дзвярэй было нязначным і ліквідацыя наступстваў «атакі анархістаў» не патрабавала высілкаў.

– Што вы зрабілі за гэтую суму – 1 рубель 48 капеек? – запытаўся пракурор.

– Была зробленая зачыстка дзверы (пашкоджання) і нанесеная новая фарба, – адказала прадстаўніца пазоўніка.

Да таго прадстаўніца СІЗА прызналася, што на фасадзе будынку няма ніякай інфармацыі пра тое, што ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю – адпаведная шыльда ёсць толькі ўнутры, «на рэжымнай тэрыторыі». Да таго ж, у адвакатаў падсудных узнікла пытанне: ці можна лічыць асобныя дзверы будынку гісторыка-культурнай каштоўнасцю? На пытанне, сучасныя цэта дзверы ці зробленыя ў XIX стагоддзі, прадстаўніца пазоўніка адказаць не змагла.

ІІ Belsat.eu

Hавiны