Дзве праблемы Аляксандра Рыгоравіча

Пасля таго, як разабраліся з нязручнымі патэнцыйнымі кандыдатамі, закрылі ўсіх небяспечных блогераў і частку актывістаў, у Аляксандра Рыгоравіча засталіся дзве праблемы: незалежныя ад дзяржавы медыі ды Святлана Ціханоўская, якую ніхто не ўспрымаў сур’ёзна. Як будуць развязвацца гэтыя пытанні, даведаемся найбліжэйшым часам.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Тое, што незалежныя медыі будуць бязлітасна «тапіць», было зразумела з самага пачатку. Іншая справа, што як сабакам перад паляваннем, гэтак і нашаму чыноўніцкаму «бронецягніку», што стаіць, як вядома, на запасных рэйках, патрэбная каманда. І вось яна фактычна прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі на паседжанні з кіраўніцтвам эканамічнага блоку краіны. Пад раздачу патрапілі акрэдытаваныя ў краіне BBC, «Радыё Свабода» і нават «Комсомольская правда»:

«Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі. Выправоджвайце адсюль, калі яны не выконваюць нашыя законы і клічуць людзей на майданы».

Hавiны
Лукашэнка загадаў выгнаць з Беларусі СМІ, якія «клічуць людзей на майданы»
2020.07.23 15:22

Хто і дзе клікаў людзей на Плошчу – справа другасная, разбірацца ў судах ніхто не будзе. Няма часу.

Гэты пасыл, з аднаго боку, вельмі просты, з другога – шматвектарны. Сілавікам намякнулі, што недакранальных журналістаў цяпер не існуе. Прынамсі, да канца выбарчай кампаніі. Акрэдытаваным медыям накіравалі: у нашай краіне няма аўтарытэтаў, таму не вякайце лішняга, бо пазбавім акрэдытацыі. Неакрэдытаваным медыям… А пра іх ніхто нічога не казаў, бо іх як бы не існуе! Прыхлопнуць гэтых «мух» – раз плюнуць!

Усё гэта выглядае цалкам лагічна з боку беларускага рэжыму: чым бліжэй да выбараў, тым усё часцей свярбяць рукі прыбраць прадстаўнікоў журналісцкага братэрства з вуліцаў. Разумення таго, што зараз кожны беларус з айфонам ужо фактычна ёсць журналістам – няма. Гэта не адмяняе таго, што некаторым прадстаўнікам прафесіянальных медыяў ужо сёння можна пакаваць чамаданы, а некаторым – «сушыць сухары». Наперадзе – затрыманні, канфіскацыя апаратуры і нават «содні».

Hавiны
Валерый Цапкала пакінуў Беларусь і вывез дзяцей
2020.07.24 13:59

Як змагацца з іншай праблемай – Святланай Ціханоўскай – пытанне больш складанае. Ніхто не чакаў ад спадарыні Святланы такога спрыту і актыўнасці. Ужо бачылі, што яна вось-вось «абрынецца, небарака», але ж моц жанчыны, як кажуць, у яе слабасці. Аб’яднанне штабоў яшчэ больш зблытала ўсе карты, хаця з самага пачатку гульня падавалася такой лёгкай.

Праграма Святланы Ціханоўскай простая і зразумелая кожнаму беларусу. Ад самага пачатку Святлана адсекла прэтэнзіі да свайго непалітычнага вобразу, абвесціла сябе тэхнічным кандыдатам. Гэта надала яе вобразу яшчэ большай шчырасці. Яна – не палітык. Навошта ёй гуляцца ў палітычныя гульні? У «прамаскоўскасці» ці «правашынгтонскасці» яе не абвінаваціш. Бʼе Ціханоўская і на звыклым полі рыторыкі Аляксандра Лукашэнкі: прадстаўніцай «простага народу» яна выглядае значна рэалістычней, чым кіраўнік краіны са сваімі незлічонымі картэжамі ды ахоўнікамі. Асабліва кранае беларусаў тое, што яна змагаецца за мужа, якога незаконна кінулі за краты. Вобраз Ціханоўскай значна больш чалавечы!

Меркаванні
Фінальны акорд Ярмошынай: ёй ужо ўсё роўна
2020.07.22 23:58

І калі не паўплывалі карцары, у якія кідаюць мужа, а дзетак сям’і Ціханоўскіх вывезлі за мяжу, стала зразумела, што спадарыня Святлана сапраўды паверыла ў сваю місію і пойдзе да канца. І ў некаторых кабінетах пачалі разумець, што засталося толькі адное пытанне: быць або не быць Ціханоўскай кандыдатам надалей? І тут – дылема. Калі пакідаць Святлану Ціханоўскую надалей кандыдатам – што яна, з гэтымі «цапкала-бабарыкінскімі» жанчынамі, яшчэ выбрыкне?

А калі навыдумляць нейкага кампрамату і зняць яе з перадвыбарчай гонкі, то ўжо ніхто ў яго не паверыць! А самае галоўнае: што падумаюць пацаны? Забаяўся жанчыны! На фоне цалкам сэксісцкай і мужланскай рыторыкі гэта будзе выглядаць страшэннай паразай і слабіной. Нават у бліжэйшым асяроддзі могуць не зразумець!

Але можам не пераймацца! Каманда Аляксандра Рыгоравіча – цёртыя калачы! Нешта прыдумаюць! Галоўнае, каб нам заўтра не схапіцца за галаву ад іх выдумак…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў