Дзьве граматыкі, дзьве турмы, дзьве жонкі: сёньня народзіны Браніслава Тарашкевіча


20 студзеня 1892 году на Віленшчыне нарадзіўся Бронік Тарашкевіч, сялянскі хлопчык, пазьней выпускнік Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсытэту, вучань знакамітых лінгвістаў Я. Карскага, А. Шахматава ды І. Бадуэна дэ Куртэнэ. А таксама – чалец Беларускай сацыялістычнай грамады, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, пасол у Польскім Сойме, чалец Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, прафэсар, палітычны вязень, перакладчык і публіцыст. І гэта яшчэ ня ўсё: 15 фактаў пра Тарашкевіча.

Калі вы ня чулі пра Браніслава Тарашкевіча нічога, то пэўна ўсё ж ведаеце пра тарашкевіцу – клясычны правапіс, названы ягоным імем.

Тарас – такая была ў Тарашкевіча мянушка. Янка Купала, з пашанаю, нібы да старэйшага, пісаў: «Дзядзька Тарас, што чуваць у вас зь беларускай граматыкай?» – хоць сам быў старэйшы на дзесяць гадоў.

Ведаў польскую, расейскую, францускую, нямецкую, старажытнагрэцкую мовы і лаціну.

«Беларуская граматыка для школ» надрукаваная ў 1918 годзе ў віленскай кнігарні Марціна Кухты, дзе і багдановіцкі зборнік «Вянок» (вул. Totorių, 20). Як будзеце ў Вільні, наведайце і мэмарыяльную табліцу ў гонар Тарашкевіча, на вуліцы Vilniaus, 37 (па-нашаму Віленская).

Быў чальцом віленскай масонскай ложы «Праўда».

Згодна зь некаторымі зьвесткамі (абсалютна не навуковымі!) тэкст тарашкевіцай даўжэйшы за набраны афіцыйным правапісам – ажно на 17 %. Больш мяккіх знакаў, вышэйшыя ганарары, больш паперы – і дасканалая перадача беларускага маўленьня.

Дзьве граматыкі

«Беларуская граматыка для школ» выйшла кірыліцай і лацінкаю – на пачатку мінулага стагодзьдзя актыўна ўжываліся абедзьве графікі.

Ягоная граматыка доўга была асноўным падручнікам беларускай. Сам аўтар пісаў: «Народ бяз школы ў роднай мове дзічэе».

У турме на віленскіх Лукішках чытаў «Капітал» Карла Маркса.

А ў польскіх вязьніцах Тарашкевіч пераклаў на беларускую паэмы – «Іліяду» Гамэра з старажытнагрэцкай і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча з польскай. Відаць, не было часу на волі.

У 1933 годзе ў выніку польска-савецкага абмену палітзьняволенымі Тарашкевіча абмянялі на Францішка Аляхновіча, актора і драматурга, вязьня ГУЛАГу. Аляхновіч, сустрэўшы сябра на памежнай станцыі Коласава, скрушна прамовіў: «Куды ты, Бронюсь, ідзеш?»

Справка
Браніслаў Тарашкевіч з жонкаю Верай і сынам Радаславам, 1930-я

Шмат чаго ў Тарашкевіча было два: граматыкі для школаў – кірыліцай і лацінкай; турмы – польская і савецкая. І нават дзьве жонкі – Вера Сьнітка засталася ў Польшчы пасьля палітычнага абмену, а ў Маскве ён пабраўся шлюбам зь Нінай Палянскай.

У польскім Бельску-Падляскім існуе беларуская гімназія імя Б. Тарашкевіча – пару гадоў таму на хвалі дэкамунізацыі яе хацелі перайменаваць, бо Тарашкевіч камуніст. Але, як сам ён казаў, «Апошні подпіс і пячаць на дыплём гераізму ставіць толькі сьмерць».

Забіты найхутчэй у Ноч расстраляных паэтаў, 29 кастрычніка 1938 году. Яму было сорак шэсьць. Рэабілітаваны празь дзевятнаццаць гадоў – праз адсутнасьць складу злачынства.

* У памяць пра аўтара «Беларускай граматыкі» тэкст публікуецца тарашкевіцай. Дарэчы, прозьвішча Тарашкевіч паходзіць ад імя Тарас (грэцк. Τάρας), што азначае бунтоўны, няўрымсьлівы, неўтаймаваны. Назва напраўду пасуе клясычнаму правапісу – свабоднаму і скасаванаму русіфікацыяй, але дагэтуль жывому.

Падрыхтавала Аляксандра Макавік, belsat.eu

Стужка навінаў