Дзмітрыя Паліенку ноч пратрымалі без вады і прыбіральні. Цяпер ён на Акрэсціна


Актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенку затрымалі ўвечары 29 студзеня ў Менску. Усю ноч ён правёў у Завадскім РАУС. 30 студзеня яго меліся судзіць, аднак забралі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Пра гэты паведаміла ягоная сяброўка Марына Касінерава ў «Facebook».

Паводле Марыны, адвакатцы Паліенкі паведамілі, што ён у ізалятары на Акрэсціна.

«Гэта бязмежжа. У адміністратыўнай справе паводле закону яго павінныя былі судзіць сёння. Яго трымаюць беспадстаўна. Яны захацелі – забралі чалавека, трымаюць яго ў нечалавечых умовах у РАУСе, потым у ІЧУ, не паведамляючы ніякай інфармацыі».

Як піша Вячаслаў Касінераў, у РАУС адсутнічае нават прыбіральня.

«Там не кормяць, адсутнічае вада. У найлепшым выпадку вы можаце перахапіць глыток падчас паходу ў прыбіральню. Палітычных актывістаў спецыяльна шмат гадзінаў не выводзяць у прыбіральню, вымушаючы часам рабіць усё на падлогу, як у выпадку з Настаю Гусевай. Гэта адкрытая форма катаванняў».

Паводле Касінерава, падставай для затрымання стаў фатаздымак у сацсетках з надпісам «Class War» (класавая вайна).

На былога палітвязня ціснуць з часу вызвалення з турмы ў кастрычніку 2018 года. За некалькі месяцаў на яго склалі ўжо не менш за чатыры адміністратыўныя пратаколы – за ненаведванне лекцыяў у РУУС і «экстрэмісцкія» запісы. 22 студзеня Дзмітрыя Паліенку і яшчэ двух анархістаў затрымалі за графіці «Мянты забіваюць людзей». Доказаў, што гэта зрабілі маладзёны, праваахоўнікі дасюль не падалі.

***

Гэта не першы выпадак, калі актывістаў пераследуюць за надпіс «Class War». Летась 12 ліпеня байцы АМАПу затрымалі актывістку анархічнага руху Марыю Рабкову. На яе быў складзены пратакол ч.2 арт. 17.11 КоАП – «Распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі». Суд Менскага раёну аштрафаваў дзяўчыну на 9 базавых велічыняў (220,5 рублёў).

У лістападзе па арт. 17.11. КаАП былі аштрафаваныя Вячаслаў Касінераў і ягоная жонка Марына Насенка. Падставай для адміністратыўнага пераследу сталі здымкі актывістаў у шапцы з надпісам «Class War» (класавая вайна), выкладзеныя ў «Facebook».

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў