Дзмітрый Мядзведзеў пра Украіну: Дзяржавы там не існуе


Кіраўнік ураду Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ва Украіне «ні прамысловасці, ні дзяржавы не існуе».

У пытаннях бяспекі на прадпрыемствах параўноўваць Украіну і Расею нельга, заявіў прэмʼер-міністр Расеі пасля выступу кіраўніка «Растэхнагляду» на нарадзе пра стан і перспектывы вугальнай прамысловасці.

Старшыня «Растэхнагляду» Аляксей Алёшын паведаміў, што паказнік траўматызму на прадпрыемствах вугальнай прамысловасці ў Расеі ў 2015 годзе стаў самым нізкім за ўсю гісторыю назірання з часоў СССР, і прывёў для параўнання звесткі ва Украіне, дзе гэты паказнік значна вышэйшы.

«Што нам з Украінай у гэтым сэнсе супастаўляцца? Я проста пра тое, што там ні прамысловасці, ні дзяржавы не існуе», – заўважыў Мядзведзеў.

У сваю чаргу Алёшын растлумачыў, што прывёў дадзеныя па Украіне за 2013 год, тым не менш гэта істотна не змяніла пазіцыю расейскага прэмʼера.

«2013 год? Значыць, прамысловасць там была, а дзяржавы і тады не было», – падкрэсліў Дзмітрый Мядзведзеў.

У жніўні 2014 года кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін заявіў пра Казахстан: «У казахаў не было дзяржаўнасці ніколі. Ён (Нурсултан Назарбаеўрэд.) яе стварыў». Гэта выклікала неадназначную рэакцыю ў Казахстане.

МЯ, паводле ria.ru

Стужка навінаў