Дзмітрый Мядзведзеў пра інтэграцыю з Беларуссю: «Сілком туды нікога зацягнуць немагчыма»


Прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў лічыць заўчаснымі развагі пра тое, як магла б называцца валюта Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі. Ён таксама зазначыў, што да інтэграцыі ніхто нікога не прымушае.

«Бессэнсоўна казаць пра тое, дзе будзе эмісійны цэнтр, як будзе называцца валюта [Саюзнай дзяржавы], пакуль не будзе праведзена нудная праца па ўзгадненні асноўных дакументаў, на базе якіх гэты саюз павінен працаваць», – падкрэсліў Мядзведзеў падчас візіту ў Люксембург.

У цэлым рух да інтэграцыі Мядзведзеў назваў «нармальным і правільным». Адказваючы на ​​просьбу пракаментаваць шэраг нядаўніх крытычных выказванняў на гэтую тэму Аляксандра Лукашэнкі, Мядзведзеў заўважыў: «Мне здаецца, што над гэтым трэба працаваць, а не проста казаць пра тое, што «відавочна Расія нічога не хоча, гэта ўсё для прыкрыцця». Калі б так разважалі бацькі-заснавальнікі Еўрапейскага звязу, то ніякага Еўрапейскага звязу б не было».

«Увогуле любы саюз заснаваны на даверы, а не на каментарах пра тое, у чым мы кагосьці падазраём, што там прыбеглі і на вуха сказалі. Не вельмі добры шлях», – адзначыў ён.

Мядзведзеў адзначыў, што для паглыблення далейшай інтэграцыі дзвюх краін «трэба стварыць тыя інстытуты, якія не створаны». «Гэта можа здарыцца, толькі калі будзе згода двух бакоў, сілком туды нікога зацягнуць немагчыма», – падкрэсліў кіраўнік урада РФ.

Нагадаем, падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Лукашэнка заявіў:

«Сёння нам прапануюць сумесную валюту – мы «за». Вядома, гэта будзе рубель. У нас рубель і ў вас рубель. Навошта нам выдумляць талер? Толькі пытанне ж не ў гэтым. Гэта будзе не расейскі і не беларускі рубель. Гэта будзе наш агульны рубель, калі ён будзе».

ІІ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў