Дзмітрый Мядзведзеў папярэдзіў Беларусь пра сумныя наступствы


Ён заявіў, што стасункі паміж Масквою і Менскам, а таксама інтэграцыя сталі дробнаю разменнаю манетаю падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі. Словы Мядзведзева цытуе «РИА-новости».

Дзмітрый Мядзведзеў. Скрыншот з Russia Today

Дзмітрый Мядзведзеў, які зараз займае пасаду намесніка старшыні Савету дзяржаўнай бяспекі Расеі, пракаментаваў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Перадусім ён адзначыў, што любыя падзеі ў краіне – ейныя ўнутраныя справы.

«Тым не меней, мы, канешне, не можам не бачыць, што сёння расейска-беларускія стасункі, я нават болей скажу – Саюзная дзяржава – сталі дробнаю разменнаю манетаю падчас выбарчай кампаніі», – заявіў сёння Мядзведзеў.

У Telegram-канале «Вы слушали маяк» з’явіўся працяг ягонай цытаты. Ён назваў сённяшнія падзеі ў Беларусі «нескладанаю палітычнай тэхналогіяй».

«Вылепіць вобраз ворага і пры дапамозе гэтага вобразу дасягнуць палітычнага рэзультату. А далей хоць трава не расці і гары ўсё сінім полымем. Няважна, разбяромся з гэтымі рускімі. І гэта выклікае не толькі пачуццё крыўду, але яшчэ і вельмі крыўдна. І наступствы ў гэтага будуць сумныя», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Нагадаем, што ў снежні 2019 году Беларусь і Расея праводзілі перамовы па падпісанню інтэграцыйных дарожных карт. Расея абяцала захаваць зніжку на газ у абмен на частку суверэнітэту Беларусі. Гэтыя перамовы выклікалі масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў