Дзмітрыеў: Дашкевіч мусіў адгаварыць Пальчэўскага ад паездкі на Данбас. Дашкевіч: усе дарослыя людзі і прымаюць самастойныя рашэнні


Лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што сябры і паплечнікі маладафронтаўца Сяргея Пальчэўскага, які далучыўся да шэрагаў украінскіх дабраахвотнікаў на Данбасе, мусілі адгаварыць яго ад паездкі на вайну.

Зварот Дзмітрыева да лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча зʼявіўся ў Фэйсбуку.

«Чаму ты не выкарыстаў увесь свой аўтарытэт, як лідар арганізацыі і як чалавек, якога ён вельмі паважае, каб Сяргей не паехаў на гэтую бойню? (Як і Лобаў у свой час). Спадзяюся, ты не падтрымліваеш гэта, тыпу, хлопец выкупае крывёю, то што падпісаў нейкую там фількіну грамату», – напісаў палітык у Фэйсбуку.

Я категорически не согласен с позицией, что сделанный выбор Сергея Пальчевского, поехать воевать в Украину- это типа…

Opublikowany przez Андрей Дмитриев Środa, 9 sierpnia 2017

У інтэрвʼю «Белсату» Андрэй Дзмітрыеў патлумачыў сваю пазіцыю:

«Мне не спадабалася, што шмат людзей сказалі: гэта выбар Сяргея і мы павінны яго прыняць. Я не згодны. Мы бачылі ўсе абарону Курапатаў і зразумела, што Зміцер Дашкевіч быў там лідарам, якога ўсе паважаюць. А навошта яшчэ патрэбны аўтарытэт, калі ты яго не выкарыстоўваеш, каб бараніць сваіх людзей? Гэта вайна і гэта жыццё людзей. Як бы гэта пафасна не гучала, але мы павінны бараніць сваіх людзей ад такой пагрозы. Ва Украіне ёсць рэгулярнае войска, ніякай патрэбы туды ехаць няма. Думаю, што Сяргей едзе туды проста, каб збегчы ад не вельмі ўтульнай сітуацыі (ён жа казаў пра ціск КДБ). Але ёсць не такія небяспечныя шляхі. І гэта наогул не тычацца аднаго Сяргея. Калі б мне хтосьці сказаў, што збіраецца туды паехаць, то я б зрабіў усё, каб адгаварыць такога чалавека. Я не лічу, што беларусы там ці яшчэ дзе-небудзь павінны гінуць».

Дзмітрыеў не лічыць, што ваюючы на баку Украіны на Данбасе, беларусы такім чынам абараняюць Беларусь:

«Я лічу, што абараняць Беларусь трэба тут, у Беларусі – гадуючы дзяцей, працуючы з грамадствам, проста годна робячы сваю працу».

Дзмітрыеў таксама публічна звяртаецца да Пальчэўскага: ён кажа, што грамадская супольнасць знойдзе магчымасці, каб дапамагчы яму ўладкавацца на працу або на вучобу за мяжой. «Лепш вучыцца, чым ваяваць», – кажа палітык.

Каментаваць папрокі Дзмітрыева лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч адмовіўся, а сітуацыю з ад’ездам Пальчэўскага пракаментаваў наступным чынам.

«Сапраўды, калі пачыналася гісторыя з вайной на Данбасе, у многіх беларускіх патрыётаў было шмат эмоцый, тады далучэньне да дабраахвотнікаў успрымалася ў іншым святле. Але цяпер, калі я прызджаю ва Украіну і бачу там шчаслівых і задаволеных людзей у рэстарацыях ды кавярнях, то паўстае пытанне, наколькі самім украінцам патрэбны той Данбас?

Ці патрэбна ім, каб за Данбас гінулі, у тым ліку, беларусы? Не кажучы ўжо пра палітыкаў, якія заяўляюць пра вайну, а самі адначасова гандлююць і ручкаюцца з агрэсарам. Асабіста я не ў захапленні, што мой сябар Сяргей ці Эдуард Лобаў таксама падвяргаюць свае жыцці небяспецы ў тых акалічнасцях, што склаліся на ўкраінска-расейскім фронце дый увогуле ва Ўкраіне.

Спецыфіка адʼезду Сяргея яшчэ і ў тым, што для яго існавала небяспека патрапіць у турму. Гэта тычыцца справы з ДТЗ, у якім жанчына атрымала лёгкія цялесныя пашкоджанні. І хаця ён прапанаваў кампенсацыю ў два разы большую за звычайную пры такіх пашкоджаннях, зь яго спатрабавалі 10 тысяч даляраў, а не атрымаўшы іх папярэдзілі пра суд. Нікому ня трэба тлумачыць, якім той суд быў бы. Асабліва пасля таго, як Сяргей зганьбіў рэжым, распавёўшы пра здзекі КДБшнікаў і прымус падпісваць паперу аб супрацы. Перад Сяргеем паўстаў выбар: загадзя ілжывы судовы працэс з магчымасцю атрымаць тэрмін, альбо адʼезд. Як і ў выпадку з Эдуардам Лобавым – зона за парушэнне нагляду ці ад’езд. Як па мне, калі ўжо немагчыма не ехаць, лепей бы яны паехалі атрымліваць адукацыю па праграме Каліноўскага. Але ў іхным выпадку, напэўна, паўплывала і тое, што хлопцам падабаецца вайсковая справа. Канешне, шмат мастакоў разважаць пра тое, што камусьці трэба ці не трэба рабіць, але асабіста я не хачу быць нейкай апошняй інстанцыяй для рашэнняў сваіх сяброў.

Усе дарослыя людзі і ўсе прымаюць самастойныя рашэнні. Сяргей ведаў пра мае даволі крытычнае стаўленне да такой ідэі, але зрабіў такі выбар, які зрабіў. Я проста буду заўжды маліцца за яго, каб Госпад захаваў яго жывым і здаровым і ў будучыні рабіў праз яго вялікія справы ў Беларусі, як і тады, калі Сяргей соднямі збіраў подпісы за бел-чырвона-белы сьцяг, калі лёг пад колы МАЗа ў Курапатах». 

Нагадаем, раней актывіст «Маладога Фронту» Сяргей Пальчэўскі распавёў «Белсату», што ён з’ехаў на Данбас і далучыўся да шэрагаў украінскіх добраахвотнікаў, што супрацьстаяць узброеным фарміраванням сепаратыстаў.

ІІ, КА, belsat.eu

Стужка навінаў