Дзіравае карыта: злівы паказваюць нестабільнасць рэжыму і аслабляюць яго

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Апошнія тыдні сталі незвычайнымі ў беларускай гісторыі – ніколі яшчэ нашае грамадства за такі малы прамежак часу не атрымлівала так шмат канфідэнцыйных запісаў з атачэння грамадзяніна Лукашэнкі ды сілавых службаў.

Такое ўражанне, што менавіта забойства Рамана Бандарэнкі і хлусня з самых высокіх трыбунаў пра гэтую трагедыю сталі мяжой, пасля якой «плаціну прарвала».

Марш мудрасці 30 лістапада 2020 г. Фота: ТК / «Белсат»

Прычым грамадства атрымлівае не толькі запісы размоваў асобы з голасам, падобным да Эйсмант. Відэа з нагрудных відэакамераў АМАПу сведчыць, што, хутчэй за ўсё, «працякае» не ў адной структуры, а адразу як мінімум у дзвюх.

З вялікай верагоднасцю праслухоўвае атачэнне Лукашэнкі старое ведамства з савецкім назовам на тры літары. Адсюль злівы пра «Масандру» і таму падобнае.

Вядома, не самі амапаўцы запісы сваіх камераў злівалі – аўтараў здзеклівых каментароў надта лёгка вылічыць. Не самазабойцы ж яны там. Запісы, хутчэй за ўсё, захоўваліся (невядома, як цяпер) на адным ці некалькіх серверах беларускіх сілавых службаў, адкуль і былі скапіяваныя.

Аляксандр Лукашэнка з аўтаматам каля Палацу Незалежнасці. Менск, 30 жніўня. Фота: РИА Новости

Пры гэтым для зліву былі выбраныя не выпадковыя, а самыя непрыемныя для кіроўнай групоўкі выказванні «красавцев». Хутчэй за ўсё гэта значыць, што на самай справе запісаў было скапіявана і прагледжана куды больш – літаральна сотні, калі не тысячы гадзінаў відэа- і аўдыяінфармацыі.

Можна не сумнявацца, што людзі ў дзяржаўных структурах цяпер перажываюць сапраўдны крызіс даверу да сваіх калегаў, кіраўніцтва, да сілавых службаў.

Чыноўнікі ды сілавікі і так не надта ўпэўненыя ў сваёй будучыні ў выпадку змены ўлады. А цяпер высвятляецца, што нават пры рэжыме, які яны бароняць, іхныя шчыраванні «для сваіх» робяцца абʼектам смеху з боку грамадства і прычынай (цалкам магчыма) для пакаранняў з боку начальства.

Марш мудрасці 30 лістапада 2020 г. Фота: ТК / «Белсат»

Ніхто не можа быць упэўнены, што наступны зліў не пакажа ягоных словаў і ўчынкаў – ад здзеклівых кпінаў у бок начальнікаў да злачынстваў супраць мірнага беларускага насельніцтва.

Не кажучы ўжо пра тое, што савецкага вайсковага правіла «зараз я разбяруся ва ўсім, як трэба, і пакараю таго, хто пад руку трапіцца» – ніхто не адмяняў. А «савецкае» для сучаснага беларускага кіраўніцтва значыць «роднае».

Падначаленыя разумеюць, што калі «Усход» патрабуе ад начальства перакрыць крыніцы зліваў, то трэба хутка даваць любы вынік, каб намаляваць прыгожую справаздачу. А ў такім выпадку прасцей менавіта што знайсці першага-лепшага стрэлачніка.

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

А калі злівы не скончацца, знойдуць новага стрэлачніка. І новага, і новага… Галоўнае як? Галоўнае – «не в нашем отделе/управлении/министерстве».

Стабільнасці рэжыму такія падыходы, мякка кажучы, не дадаюць – асабліва на фоне ўсё мацнейшай унутранай параноі, калі ўсе падазраюць усіх, а ўсіх падначаленых разам падазрае галоўны начальнік.

Акрамя таго, пацукі-канкурэнты проста могуць скарыстацца сітуацыяй, каб пачаць агрэсіўна есці адзін аднаго. У выніку злівы могуць не спыніцца нават пасля ўнутраных чыстак. Наадварот, спіраль «зліў – параноя – тэрор – зліў» можа раскруціцца ва ўсю моц.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў