Ад нобэлеўскай лаўрэаткі да фермераў: Як уся краіна абараніла «Белсат»


 



«Белсат» будзе жыць. Дзякуем за падтрыманне!

Пасля з’яўлення ў польскіх медыях інфармацыі пра магчымае закрыццё «Белсату», на ягоную абарону сталі не толькі беларускія інтэлектуалы, грамадскія актывісты і апазіцыянеры, але перадусім простыя гледачы, для якіх тэлеканал – не толькі сродак абʼектыўнай інфармацыі, але і адзіны абаронца.

На звесткі пра закрыццё каналу першымі адрэагавалі беларускія карыстальнікі інтэрнэту, размясціўшы ў сацыяльных сетках сотні пастоў пад гэштэгам #белсатжыві і фотаздымкі, на якіх трымаюць аркушы з гэткім самым слоганам.

Агулам у падтрыманне «Белсату» было створана 12 лістоў.

Адной з першай у абарону каналу выказалася Святлана Алексіевіч. Разам з нобэлеўскай лаўрэаткай ліст, скіраваны да польскіх уладаў, падпісалі Аляксандр Мілінкевіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Някляеў, група беларускіх гісторыкаў з Цэнтру беларускіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту, рух «За Свабодную Расею» (Варшава), Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі нацыянальны кангрэс і сам Зянон Пазняк ад імя беларускіх КХП БНФ.

Да гэтых галасоў далучылася таксама Рада БНР.

З польскага боку «Белсат» падтрымалі 50 журналістаў, навукоўцаў і экспертаў па Усходняй Еўропе.

Пра неабходнасць падтрымання станцыі неаднаразова казалі чальцы непрызнанага Саюзу палякаў у Беларусі. Анжэліка Борыс, новаабраная старшыня арганізацыі, нагадвала, што «Белсат» быў практычна адзінай крыніцай інфармацыі, якая шырока асвятляла пераслед СПБ, учынены беларускімі ўладамі.

Лёсам «Белсату» занепакоіўся Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Кіраўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выказаў надзею, што праблемы «Белсату» вырашацца.

Найбольш подпісаў за захаванне «Белсату» было сабрана ў інтэрнэце. Пад петыцыяй, якую падрыхтаваў рух «За свабоду!», інтэрнаўты пакінулі амаль чатыры з паловаю тысячы подпісаў.

Жыхары адной толькі Нарачы за чатыры дні сабралі 144 подпісы пад зваротам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў абарону каналу.

Мноства галасоў падтрымання мы атрымалі і ў офлайне. У свой час героямі нашых матэрыялаў станавіліся беларусы з усёй краіны – цяпер жыхары вёсак Марэцкае, Дзеркаўшчына, Заўраты (што каля Глыбокага), Соша, Качановічы, Дудзінкі, Белавежскае, Малэч, Лукамер, Кабакі (што на Берасцейшчыне), Малюшчыцы (каля Наваградку) дзякуюць нам і нас падтрымліваюць.

Дайшлі да нас галасы падтрымання з Данбасу – ад беларускіх добраахвотнікаў, якія бароняць Украіну. Удзельнікі Тактычнае групы «Беларусь» прачыталі верш Уладзіміра Караткевіча «Быў. Ёсць. Буду».

Стужка навінаў