Сяргей Філімонаў Джуманджы. Старая цацка, новы ўзровень

аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Постэр стужкі. Фота Sony Columbia

Гэтай гісторыі амаль чвэрць стагоддзя. У 1995 годзе ўсе здзіўляліся са спец эфектаў і з нечаканых паваротаў сямейнай казкі з назвай «Джуманджы». Цудоўны комік Робін Уільямс узначальваў акторскі склад і спрабаваў выратаваць дзяцей ад пачвараў і злых звяроў, якія выскоквалі з чароўнай настольнай гульні ў рэальнасць. У 2017-м пастанавілі асвяжыць сюжэт. Настольная гульня ператварылася ў кампутарную, а падлеткі пачалі правальвацца ў нутро, і там выконваць займальныя квэсты. Праўда, унутры ў якасці іх аватараў выступалі Дўэйн Джонсан, Джэк Блэк і іншыя дарослыя акторы. У 2019-м «Джуманджы» выходзіць на «Новы ўзровень».

Зноў фільм атракцыён!

«Але гэта хаця б не комікс!» – запярэчыць хтосьці.

«Яшчэ горш!» – заявяць тыя, хто не любіў відэа прыставак. «Дзе вы бачылі такія цацкі са складанымі сюжэтамі?».

Джэк Блэк на прэм’еры. Фота UPI.com

Навошта лаяцца, проста трэба разумець: гэты праект не пра сюжэты, а пра відовішча і пра грошы. Серыя «Джуманджы» 2017-га ў глабальным пракаце сабрала каля мільярда долараў. Ніхто не сумняваўся, што трэба рабіць працяг.

Дўэйн «Скала» Джонсан у 2019 годзе ўзначаліў спіс актораў свету па заробках з сумай каля 100 мільёнаў долараў. Для яго «Джуманджы» – чарговы праект, які збярэ перадсвяточны грашовы ўнёсак з гледачоў. Праўда, у новай серыі Дўэйн выканаў цяжкую задачу: ён даволі паспяхова пераймаў міміку і крыўлянні Дэні дэ Віта. Справа ў тым, што новую серыю франшызы ажывіла сваёй прысутнасцю пара ветэранаў: дэ Віта ў ролі дзядулі аднаго з гульцоў, а Дэні Гловер – у ролі яго даўняга кампаньёна. Абодвух дзядкоў выпадкова ўцягнула на «Новы ўзровень» Джуманджы. Першы зрабіўся ў віртуале качком, а другі – канём, які лётае.

Дэні Гловер і Дэні дэ Віта ў фільме. Фота Sony

Апрача ўсяго вольных мімавольных гульцоў становіцца больш, чым у папярэдняй серыі. Раней гэтыя гульцы збаўляліся ад падлеткавых комплексаў, цяпер матывацыя ўдзельнікаў квэстаў далёка не такая відавочная. Хіба што наладжванне адносін з дзядамі. Але лепш не задумвацца, з-за гэтага яскравы, святочны, экзатычны, з яркімі спец эфектамі фільм можа не спадабацца.

Апрацоўка кампутарам здымкаў гары ў фільме. Фота Sony

Будзе гэтак жа сама, як у папярэдніх фільмах

Ніхто нічога ў новай серыі ня ўскладняе і ня пераасэнсоўвае. І гэта добра. Таму што бывалы глядач дакладна ведае, на што ён ідзе ў кінатэатр. Усё будзе гэтак жа сама, як у папярэдніх фільмах. Нават рэжысёр Джэйк Кэздан ня змяніўся. Што ж: новы фільм добра збалансаваны, там ёсць і смешнае, і відовішчнае. Гумар не апускаецца ніжэй за пуп. А натоўп агрэсіўных малпаў, пітон, бегемот, вярблюды і статак злых страусаў не апускаюць узровень фільма да мышынага цырка.

На прэм’еры. Фота Sony Columbia

Шыкоўная сцэна з рухомымі масткамі як бы перадае прывітанне з «Гары Потэра», а замак, у якім здараецца фінальная бітва, моцна нагадвае пабудову з «Барацьбы тронаў». Але чаму б і не? Тым больш, што актор Роры МакКанн, які малюе антыгероя, запрошаны сюды менавіта з «Тронаў». А хто забараніў казкам цытаваць фрагменты іншых казак?

Кадр з фільма. Фота Sony Columbia

Іншымі словамі, героі зноў трапляюць унутр цацкі, зноў пускаюцца выконваць квэст, каб вярнуцца ў рэальны свет. Дэкарацыі і спец эфекты робяць усё, каб не расчараваць наведнікаў сеансу. Акторы, рэжысура і сцэнар спрабуюць пацешыць у меру сіл. І праўда, чаму б не ўспомніць пра прыгоды і пра святочнае лета напярэдадні новай серыі «Зорных войнаў»?

«Джуманджы: новы ўзровень« будзе нядрэннай пераднавагодняй забаўкай для любой узроставай групы гледачоў. Для маладых мараль фільма ў тым, што збегчы ад рэальнасці ў кіберпрастору – гэта не выйсце. Затое старым, магчыма, такі эскапізм будзе карысны? І, здаецца, наступную серыю ўпрыгожыць прыбыццё жудасных віртуальных істот у рэальны свет.

Мая ацэнка 6 з 10.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары